Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/185

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Юста запаліла газьніцу.

— Ну, а дзе ты хаця сёньня быў? — пацікавілася Юста.

— Дзе… Вось у іспалком схадзіў да Андрэя; пасядзеў там трохі, пасьля прышлі настаўнікі і мы прайшліся крыху па вуліцы… Так дзень і мінуў.

— А мой Юрка часамі ня прыходзіў?

— Як я ў хаце — то не.

— Ах на яго ліха, бадзяецца цалюткі дзень. Няўжо ён яшчэ справункаў сваіх на скончыў? І ведае, што госьць дома, а сам, як цюцька, лётае дзесь… пэўна, таксама, забраўся дзе ў іспалком і сядзіць, — нездаволілася Юста.

— А ён у цябе наведвае іспалком? — зьдзіўлена запытаў Сідор.

— Так! кожны дзень сядзіць там. Назьбіраецца іх мо’ з дваццаць чалавек, набяруць паўнюткія капшукі тытуну і дурацца да поўначы. Ушалопаў, ведаеш, і не адвучыць…

— Няўжо яму так падабаецца іспалком?

— Ліха яго ведае! Бачыш, што так.

— І бальшавікоў ён любіць? — пацікавіўся Сідор.

— Ня кажа выразна, але, гутарачы, заўсёды іх хваліць, — адкрылася Юста. — Я ўжо яму кажу: «Што ты людзкае ў іх бачыш — пакінуў-бы іх хваліць», а ён мне: «Як-ні-як, а нам пры бальшавіках лепей. Усё можна сьмела сказаць, можна зямлі браць дарам, лесу дастаць можна… З ўсімі проста за «панібрата».

Сідор яхідна засьмяяўся й сказаў да сястры:

— Бач, зусім нечакана і ты для сябе бальшавіка знайшла.

— Тота-ж, але! Ліха яго ведае! Некалі як быццам-бы й ня любіў іх, а цяпер вось перамяніўся. Ды ня толькі ён адзін… Амаль не палова нашай вуліцы так… З другіх вуліц — дык ёсьць колькі чалавек, што й слухаць ня хочуць аб саветах, а гэта за бальшавікоў…

— Гм! — выказаў сабе пад нос Сідор і прайшоў раз па хаце.