Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/184

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

стаў, малагаворкі, падазроны… Няўжо і яго пераламала ўжо? За гэтыя два з лішнім гады ц-ж мог ён адцурацца сваіх поглядаў — гэткіх цьвёрдых, здавалася, і пераконаных?.. Цікава!.. Што ён выкажа далей? Трэба пацягнуць яго на адкрытую… Бо штосьці ня верыцца, каб ён са шчырасьці казаў, што «работа цікавая»… Забачым… А шкода будзе, калі Андрэй паламаў погляды, шкода… А гэта можа стацца, бо жыцьцё ломіць… Ломіць упарта і крэпка. Паглядзець — падзівіцца! Узяць-бы і ў мяне на службе — ліха іх ведае: кожны стаў нейкім асобным і незразумелым. І чым далей, тым кожная душа становіцца нявыразьнейшай… Але там — горад. Горад — то іншае: шум, рух, кіпятня… Дзіўней тое, што вось і ў гэткія куткі, як гэтыя Віхуры, так шырока ўсё пралазіць. Чаго-б, здаецца, тут уважваць бальшавіцтва, а потым паглядзець — прывыкаюць. Повен іспалком мужыкоў; згодна ды спакойліва гутараць… як дома, як у суседа… А Андрэй кажа, што «работа цікавая».

Сідор не зварачаў увагі на тое, што ў хаце было цёмна; ён разьмеранымі крокамі, пакіўваючы галавою, тупаў па хаце, малюючы розныя выкрутасы: то крыжы, то петлі, то ўкосныя фігуры. З вокан супроцьлежнага дому выпадалі пукі праменьняў і прабіваліся ў хату, кладучы адбітак вокан на печы. Вуліцаю праходзілі людзі, скрыпячы па сьнягу нагамі. Сідор, калі хто праходзіў, на хвілю прыпыняўся й міжвольна прыслухоўваўся, пакуль праходжы ня мінаў хаты. Пасьля ізноў пачынаў хадзіць.

Гэтак ён пратупаў каля гадзіны. Нарэшце, спыніўся, падышоў да стала і намерыўся прысесьці, але ў гэты момант пачуў стук дзьвярэй.

Праз хвілін пяць у хату ўвайшла гаспадыня, яго сястра Юста.

— Ці ёсьць хто ў хаце? — запытала яна ў пацёмку.

— Я, Юста, я ў хаце! — адказаў Сідор.

— Чаму-ж ты ўпацёмку сядзіш? Ласьне ня ведаеш, дзе запалкі?

— А хто іх ведае… яж яшчэ не агледзеўся…