Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/183

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

II

Сідор Браварка прышоў да сястры на кватэру і, не застаўшы нікога ў хаце, прысеў каля стала й пачаў выяўляць і пераверваць сам-на-сам першыя свае ўражаньні. Выгляд мястэчка, іспалком, яго таўкатня, спатканьне з таварышамі, іх настрой сьціслым шэрагам панясьліся перад яго ваччу адно за другім. Пранясьліся перш нясустрымна, хутка, а пасьля, мэрам-бы зрабілі паўкруг ублізку ад яго, павярнулі назад і зноў кранулі яго думкі. Затым, раптам зьніклі, даўшы месца мінулым адчуваньням. Перад Сідорам усталі вобразы яго студэнцкага жыцьця, гульні з паповымі і станавога дочкамі, пачосткі, балі, вечарыны. Прамігнулі палкія лятуценьні, жаданьні і мары, якія выглядалі перад ім якімсьці раем. Тады, прыпомніў Сідор, многае што абгаварвалі яны з Андрэем і Плахаю, будавалі шмат сьмелых плянаў. Вікуры ня мелі месца ў іх жыцьці, Пецярбург — вось дзе луналі іх думкі… Яны лічылі сябе вялікімі людзьмі, перад якімі ўсіх-бы вікурцаў спадалі шапкі. «Колькі часу таму? Многа, многа! Здаецца, цэлыя вякі! Ды страшнага якога часу, каторы пераламаў усе мае пляны, усе задумы перастроіў. Якія зьмены зрабіліся! Цяжка выабразіць! На ўсім і на ўсіх, як ні паглядзі», — прашаптаў Сідор сам пра сябе.

Сідор прыўстаў з месца, паглядзеў у вакно, ці ня йдзе хто, каб не памяшаў соладкасьці і заўзятасьці яго думак, і зноў адвярнуўся ад вакна, але ўжо ня прысеў, а пачаў тупаць па хаце.

«Перамена на ўсім, адно толькі я астаюся тым самым, якім і быў. Я адзін краплюся і стаю на сваім. І выстаю… Ды мала таго, што выстаю, а мушу і другіх прытрымаць на тым-жа месцы. Бо што з таго, калі мне аднаму давядзецца займаць сваю позыцыю? У гэтым мала радасьці і мала карысьці… Важная карысьць — другіх утрымаць… Так, важная, але ці-ж хопіць сілы?.. Штосьці задалёка ўсё адышло… Дзіўлюся. Ці то мне здаецца, ці запраўды яно так: мэрам-бы і Андрэй зусім другім стаў. Відаць па-ўсяму: патайны