Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/180

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

наўрад ці могуць цябе зацікаўляць гэткія справы… Трэба, наогул, напалову адрачыся ад самога, каб з цікавасьцю аддацца гэткім справам… Я ня ведаю, як ты, ну, а я ўсё яшчэ не магу згадзіцца з усім гэтым.

— Што ты, Сідор, узапраўды? Здаецца ж ты ня горай мяне жывеш, а… — вымавіў Андрэй і супыніўся, угледзеўшы, што ў канцылярыю ўвайшлі настаўнік і настаўніца вікурскае школы.

— Я табе скажу: гэта ня тое, каб даводзілася дрэнна з матар’яльнага боку. Не! Галоўнае…

Настаўнік з настаўніцаю, пасьмейваючыся над чымсьці, падышлі да стала і запанібрацкі павіталіся з Андрэем. Настаўнік абгледзеў навокал стала, каб найсьці на чым-колечы прысесьці, і, ня ўгледзеўшы нічога, пасьмяяўся:

— Хоць на падлозе… Патурэцкаму…

Сідор пахіліўся да настаўніка і, пазнаўшы ў ім знаёмага — нават калісьці таварыша, уставіў ад сябе:

— Цяпер не навіна: альбо пад сталом, або на стале.

Настаўнік, пакуль не зважаўшы Сідора, цяпер глянуў яму ў твар і весела-зьдзіўлена завёў:

— Га-а! А вы-ж, Сідор Гарасімыч, якім чынам да нас? — і працягнуў яму руку.

Сідор патрымаў працягнутую яму руку і адказаў:

— А вось у госьці заехаў. Няма бацькоў — пачастуюся ў сястры. Захацелася наведаць родны кут.

— Пазнайцеся: Марыля Слой, настаўніца вікураўскага вучылішча, — паказваючы рукою на настаўніцу, запрапанаваў Сідору настаўнік.

Сідор далікатна прыўстаў з зэдля, схінуўся крыху й паціснуў ужо працягнутую яму руку настаўніцы.

— Паўлюк, а ці-ж Марылі таварыш Сідор ня ведае, што ты іх знаёміш? — зьдзіўлена запытаў Андрэй, паглядаючы пазьменна на кожнага з іх.

— Штосьці я ня помню, — адказаў Сідор.

Настаўніца ні то ганорна, ні то сарамяжа прапусьціла тварам лёгкую ўхмылку.