Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/181

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Дзе там іх прыпомніш! — уставіў Паўлюк, — іх тут за час адсутнасьці Сідора Гарасімыча з Вікур нарасло, як грыбоў. Дзявочае семя ўрадлівае.

— Ах, каб цябе, каб цябе… — настаўніца замахнулася на настаўніка рукою, але той спрытна ўхіліўся і ўголас зарагатаў.

Яго рогат зьвярнуў на сябе ўвагу многіх прысутных у іспалкоме, якія павярнулі голавы ў іх бок. Андрэй з прычыны гэтага нездаволена кіўнуў галавою й хутка азірнуўся ў бок «габінэту» прадсядацеля. Сідор падмеціў асьцярожлівасьць таварыша і прамовіў:

— Чаго азіраешся?

— Нічога… Так сабе… — уверыў Андрэй і тут-жа пачаў зьбіраць свае паперы. — Трэба зьбірацца да хаты. Заўтра будзе дзень. Усё роўна сёньня ўжо ня будзе работы.

— А начальства не баішся? — пажартаваў Паўлюк.

— Трэба на гэты раз адважыцца.

— На гэты раз можа ўважыць. Ня так многа часу засталося да канца, — дадала Марыля.

— Ах, менш-бы яго яшчэ засталося, — яхідна праказаў Сідор і паглядзеў на загарак.

— Ну, пойдзем, колегі, — пазваў Андрэй.

— А куды? — запытаў Паўлюк.

— Падумаем…

Яны вышлі з іспалкому на двор і пашлі праз пляц напрамкам да вуліцы.

— Што-ж, Андрэй, трэба будзе адмеціць прыезд Сідора Гарасімыча, — запрапанаваў Паўлюк.

— Так, добра-б было… Але дзе і як?

— Калі ласка, да нас заходзьце, — пазвала настаўніца.

— Вось добра, — сказаў Паўлюк, — згодны, Сідор Гарасімыч? У Марылі Палікараўны зацішна й добра. Мы там заўсёды зьбіраемся. Можна й пагаварыць аб усім…

— Давайце, мне цікава разьведаць, як у вас тут жывецца, што чутно, які ваш настрой, — адказаў Сідор.