Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/178

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

праз частае наведваньне пазналіся з унутранымі распарадкамі іспалкому і часта падавалі тую ці іншую раду незнаёмым з нічым, рэдка ці ўпяршыню прыяжджаўшым.

Сідор Браварка, адчыніўшы дзьверы, зразу трапіў на аднаго з гэткіх дарадчыкаў і запытаў:

— Скажэце, дзе тут займаецца Андрэй Камель?

— А? Гэта загадчык асьветы? Вунь у тым куце. Прайдзеце. Каля яго, здаецца, менш усяго людзей, ён вас выслухае.

Сідор Браварка павёў носам у дымным згушчаным і зьлёгка смуродным паветры, кіўнуў нездаволена галавою і павярнуў к паказанаму кутку. Гурток сялян, што перагароджваў дарогу, расступіўся, і ён вольна падышоў да стала, за якім сядзеў загадчык асьветы, Андрэй Камель.

— Здароў, колега! — прывітаў Сідор Браварка зьнянацку.

Андрэй Камель хутка адняў вочы ад папераў, зьдзіўлена паглядзеў у твар Браваркі і адказаў:

— Якім гэта чынам? Вось дык не чакаў, брат! Калі прыехаў? Як надоўга? Што ў цябе новага чуваць? Як здароў? — засыпаў Камель прыяцеля шэрагам запытаньняў. І, не чакаючы, пакуль той пачне адказваць, абгледзеў навакол стала, мэрам-бы чаго шукаючы. Пасьля, спыніўшыся вачмі на паламаным зэдліку, праказаў да Сідора:

— Сядай і расказвай.

— Што, брат, расказваць! Ці варта, наогул, гаварыць?

— Чаму?

— Ды таму! Аб чым цяпер будзеш гаварыць? Ласьне можна найсьці што-кольвечы цікавае… — Сідор матнуў недаверна рукою і яхідным возіркам абвёў канцылярыю іспалкому. — Вось так, як гэта — усюды. Што ты будзеш казаць… Гніль, смурод, чад… Эх, ня тое, брат, аб чым мы калісьці марылі! Помніце, колега?

Сідор дастаў з кішэні сярэбраны партабак, спрытным замахам пальцаў адчыніў яго і працягнуў да Андрэя. Гэты