Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/177

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ках, для дзелавода й для загадчыкаў аддзеламі было даволі. Яны спакойна раз-по-разу мачалі асадкамі ў пляшачкі, прыгінаючы іх на бок, каб больш насыціць пёрка, і з перабоямі між гаворкаю выводзілі нямудрыя запісы на кавалачках рознага сорту й гатунку паперы. Часта, абмачыўшы пёрка, яны й не дакраналіся да паперы, а, гаворачы з просьбітамі, хвілінамі трымалі асадкі напагатове да пісаньня, а потым мачалі іх зноў у чарнілы.

Ды, запраўды, куды там было да спакойлівае пісаніны, калі нельга было вольна ўздыхнуць ад людзей, якія ўсё прасілі й пыталі. Здавалася, з нецярплівасьцю можна было многіх вылаяць за назойлівасьць і ачамернае прыставаньне, можна было са многімі пасварыцца. Але гэта ня было навіною для іспалкомцаў. Штодня, праз паўтара гады ад часу палякоў, у іспалкоме панаваў настаяшчы кірмаш. На ўсю воласьць трэ’ было раздаваць прыказы, кіраваць зямельнаю, лясною, працоўнаю справамі, судзіць, радзіць, памагаць, уладаваць, наводзіць парадак і ўмацоўваць савецкую ўладу. І з усіх канцоў воласьці, з яе мядзьведжых куткоў накіроўвалі за разьясьненьнем кожнага пытаньня ў іспалком.

Як толькі пачыналася раніца, ужо не зачыняліся дзьверы; мэрам на станцыі — яны хадуном хадзілі ўзад і наперад, з прычыны чаго бясконца стаяў стук і бразганіна. У іспалком ехалі ахвотна і сьмела, а таму кожная маленькая, зусім нязначная справа адводзілася ў яго на абгавор. Чаго-ж! Свае людзі, бяз крыку, пасуседзку могуць усё абсудзіць і вырашыць. Ды ня толькі заяжджалі з простымі пытаньнямі, а нават так, бяздай-рацыі, заходзілі ў іспалком штодня шмат людзей, найбольш мяшчан-вікураўцаў, якія любілі парадзіцца аб розных пытаньнях свайго куту і аб навінах у сьвеце. Іспалкомцы, хоць і комуністыя ў большасьці, але свае людзі, выгадаваныя на вачох, — чаго-ж іх сароміцца ці баяцца? Ня выжануць. І кожнага дню паміж дзелавымі заежджымі было шмат проста зайшоўшых. Іх ужо можна было адмеціць па нядбайнаму, спакойліваму выгляду твару, па шырока выказванай суседзкасьці. Многа з гэткіх