Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/176

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ТРЭСКІ НА ХВАЛЯХ

I

У канцылярыі Вікурскага іспалкому, падзеленай на дзьве палавінкі, таўклося процьма людзей. Адны забеглі выясьніць справу з падаткам, другія зашлі папрасіць у прадсядацеля дроў, трэція наведваліся за дапамогаю, а некаторыя так, проста сабе, зашлі. Гамонка дзелавітая, просьбы са сьлязамі на вачох, спрэчкі, выкрыкі ўмольныя, ласкавыя словы знарочыста «прыніжаных» напаўнялі дзьве невялікія каморкі, брудныя, з разьбітымі вокнамі, неапаленыя, з пашарпанымі, замурзанымі абоямі. Некаторыя з прышоўшых выказвалі сябе сьмелымі і вялі гутаркі са служачымі іспалкому разьвязна, за панібрата, другія-ж, па старому звычаю, чулі сябе ў іспалкоме, як-бы ў якой канцылярыі царскае воласьці або станавога, і падыходзілі да сталоў дзелавода ці загадчыка аддзелу з нейкай палахліваю асьцярогаю, з аглядкамі навакол і назад, з падазронасьцю.

У дзьвёх каморках, якія складалі канцылярыю іспалкому і разам чуць ня ўсе аддзелы, за вылучэньнем «габінэту» прадсядацеля і «габінэту» ваянкому, стаяла па куткох каля шасьці сталоў. На кожным стале ляжала па некалькі «спраў» у сініх і жоўтых вокладках, вылупленых у памёршых канцылярыях старога ладу. У суседзтве з справамі стаялі разнаколерныя чарнільніцы з невялічкім запасам вадзяністага чарніла. Добрая колькасьць гэтага чарніла апынулася напаверсе сталоў, размаляваўшы іх большымі й меншымі плямкамі. Але й таго запасу, які меўся ў бутэль-