Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/175

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Толькі на краі свайго мястэчка, пры карчме Міселя, а шэрай гадзіне Платон адняў ад зямлі вочы і аглядзеўся, дзе й што ён. Тое, што нарэшце ён быў дома, зусім недалёчка ад хаты, усё-ж не завесяліла яго і ня спыніла ў разгоне. Платон сьпяшыў роўным тэмпам, дзівячы стрэчных мяшчан.

У пяць хвілін ён перайшоў Прадоўжную вуліцу і апынуўся каля хаты. Павярнуў у двор, акінуў яго поглядам, шукаючы адзнакаў бацькавага прыезду, і, не знайшоўшы іх, зразу-ж спусьціў гэта з думак і кінуўся ў дзьверы.

Ужо ў сенцах Платон пачуў ажыўленую гутарку ў хаце. Яго сэрца забілася мацней і балючай; ахапіў жар; зараіліся страшныя мысьлі. «Ці не якое няшчасьце з мацерай?» — мігам устала перад ім вострае жудаснае запытаньне. Ён ня чуў, як адчыніў дзьверы ў хату і пераступіў парог.

— Вось і Платон! Якраз у пору! — сустрэў яго голас Кандрата Плота. — А маці ўжо думала, што ты й не наведаеш.

Некалькі жаночых галасоў падмацавалі яго словы.

— Чаму, што? — запытаў Платон, шукаючы вачыма маці.

Юзя, якая сядзела на палку ўзапечку, раптам загаласіла наўзрыд.

— Мама, мама, чаго вы? У чым рэч? Вам цяжка? Вы… Даруйце, што не застаўся, я мусіў ехаць, я павінен быў ехаць… — кінуўся яе суцяшаць Платон.

— Платонка-а мой, сынок мой. Мне мо’ й нічога, я буду жыва… Але… На-ашага бацькі-ы няма ўжо-о. Памёр пад Ваўкавыскам ад тыфусу… Вось Кандрат сам бачыў… Што-ж я цяпер буду адна рабіць?.. Хоць ты ня едзь, хоць ты… Нашто табе больш за ўсіх…

Юзя не магла выгаварыць і апусьцілася на пол, стукнуўшыся моцна локцем аб печ.

Платон ня мог падтрымаць яе. Цяжкая жаласьць раптам спараліжавала ўсе яго сілы. Ён апусьціў моўчкі голаў і спагадліва праказаў:

— Вось табе й раз!