Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/174

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вячы выабражэньнем выгляд вобразу свае мацеры. А поруч з гэтым настойная, неўкантактоўная прага, як найхутчэй апынуцца каля яе, гнала яго ў дарогу. Платону ня йшло ў голаў ні аб ядзе, ні аб некаторых яшчэ нявырашаных справах, звязаных з яго назначэньнем. Пасьпяшаючы, як перад трывогаю якою, ён аднёс паёк, атрыманы на дарогу, да Лукаша і, ня хочучы пытацца падводы, пехам пусьціўся да хаты.


VIII

Платон ня йшоў, а бег усю дарогу. Не аглядаўся назад, ня лічыў слупоў ад тэлеграфу. Уваходзіў у ляскі й пералескі, не прымячаў ні ценю, ні дрэўцаў. Спатыкаў фурманкі ці пешаходаў, бадай іх не заўважваў. Вёскі, якія стаялі пры гасьцінцы, не прыкмячаліся ім. Праз увесь час, пачынаючы з павету, Платон бачыў перад сабою жоўты пясочак ці засохшую гліну гасьцінцу. Апусьціўшы вочы, ён выбіраў гладчэйшыя мясьціны і, як заведзены калаўротак, мянціў нагамі. Тулавам падаваўся ўперад і матаў праваю рукою, як-бы разганяючы паветра, каб лягчэй было йсьці, каб скараціць дарогу. Часта дыхаў, але ўсё яшчэ недаволіўся скорасьцю хады. Платон глядзеў на час, і яму кожная хвіліна здавалася днём, а то й больш.

Прайшоўшы палову дарогі, ён страціў каля дзьвюх гадзін, а яму здавалася, што дарога адняла ў яго больш за паўдня. А чым бліжэй падыходзіў да свайго мястэчка, тым час здаваўся даўжэйшым, і руплівасьць узмацоўвалася. Пачало паколваць у баку, і тысячамі іголак парола ў пяткі ног; па скронях твару беглі рагі поту, убіраючы ў сябе пыл і робячы брудныя пасачкі на шчоках. Але Платон не зважаў, ды ня мог ён зважаць, бо ўсе думкі прыбрала да сябе хада, і ім ня было мажлівасьці адвярнуцца на другое. Уперадзе яго, як маглі захапіць апушчаныя пад простым кутом вочы, стаяў вобраз мацеры, цёмны, нявыразны, які бег ад яго, уцякаў і, уцякаючы, цягнуў яго за сабою.