Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/173

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

туецца да адходу. Некалькі разоў дапаўняўся ў камэнданта станцыі, ці праўда, што чародны выйдзе толькі праз дзень. Зьмяраў у думках адлегласьць да Горадні, думаючы пра коні… У гэткім неспакойлівым, парушаючым настроі Платон адышоў ад усяго на сьвеце: як-бы ўвесь сьвет жыў для яго ў Горадні — ня тэй, бач, што была на соткі вёрст ад яго, а ў тэй, дзе будзе ён наладжваць сваю рэволюцыйную працу. Каб у гэты момант хто асьмеліўся сказаць Платону, што адна асоба наогул мала пасобіць у справе супольнай творчасьці, то ён знарок, насупроціў філёзофіі марксызму, крычаў-бы настойна, што яго асоба, як шчырага рэволюцыянэра, ня роўна другім. Сказаў-бы і падмацаваў гэта многімі прыкладамі з свайго багатага жыцьця…

К вечару, спусьціўшы гадзіны тры пасьля звароту са станцыі, Платон патрошку супакоіўся. Усё роўна яго абурэньні траціліся задарма, як гаснуць іскры ў паветры. Колькі ні злуй, колькі ні нэрвуй — цягнік пойдзе толькі на другі дзень. «Як-жа быць з гэтым часам?» выявіў сабе Платон пасьпелую ўнутры, падбіваўшую яго на абурэньне, думку. І толькі крануўся таго, як яму будзе правясьці вольным да ад’езду час, як раптам, быццам хтось жывасілам яму паднёс гэта, Платон ахапіўся ўспамінамі аб хворай мацеры. Ён здрыгануўся ад гэтае балючае раптоўнасьці, хапіўся рукамі за голаў і чуць ня ўскрыкнуў — ні-то ад сполаху за лёс мацеры, ці-то ад радасьці, што ў яго асталося столькі вольнага часу, каб можна было й наведаць яе. Як і што сталася з мацераю за гэтыя два дні? Ці выздаравела яна, ці яшчэ ляжыць хвораю? Калі ляжыць, то як там са жнівом? Пэўна, жыта перасьпела, паклалася ды травіцца гавядаю? Каб-жа бацька вярнуўся, то яшчэ-б поўбяды, а то можа і яго няма. Што-ж тады яна будзе рабіць? Ні аставацца ўдому, ні ехаць?

Гэтыя трывожныя пытаньні вострымі мячамі праразалі Платонаву душу, як расплаўленае жалеза, капелькамі падалі ў яго сэрца. Хвіля ад хвілі ён трапятаўся ўсёй істотаю ад нейкага балючага ўздрыгу, натужваў думкі кідаючы іх праз дваццацёхпяцівярстовую адлегласьць у сваё мястэчка і ло-