Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/170

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А мы ўжо тут прачакаліся; думалі, што вы ня прыдзеце, — дадаў ён.

— Дарэмна думалі, — адказаў Платон.

— Ды не бяз рацыі, — уставіў Лукаш. — Платону зусім нельга ехаць.

— Чаму? — зацікавіўся прыежджы таварыш.

— А таму, што яго маці зусім хворая. На добры лад яго трэ’ было-б замяніць другім. Я ня ведаю, чаму гэта ён так упарта…

— Выбачай, Лукаш, — пераняў Лукаша Платон: — раз ужо вырашана — значыць годзе. Рэволюцыя не павінна цярпець ад таго, што ў мяне баліць што, або ў сям’і якое няшчасьце; мы мусім аддавацца ёй да апошняй мажлівасьці.

— Я ведаю, толькі… у нас можна абысьціся. Каб то які раптоўны выпадак, калі ўсім трэба станавіцца пад ружжо, тады, я разумею, не павінна быць ніякіх адгаворак… А ў нас справа йдзе ўсяго аб двух таварышох, каторых якраз ёсьць мажлівасьць выбраць апрача цябе…

— Не, годзе, Лукаш, — настойчыва прамовіў Платон, — ты не разумееш становішча. Тут патрэбны людзі, не як людзі, а найболей сталыя, цьвёрдыя й шчырыя рэволюцыянэры. Хто ня можа расстацца з самотным жыцьцём, з яго патрэбамі, той не патрэбен на адказным месцы. Кожны момант ён можа здрадзіць і ад гэтага пацерпіць агульная справа. Вось што, таварышы! — абярнуўся Платон да ўсіх, — я толькі аднаго прашу: няхай рэўком дапаможа маёй мацеры, калі з ёю будзе кепска. Хоць пакуль бацька вернецца з абозу.

— Тамаш, гэта я даручаю табе! — абярнуўся прыежджы таварыш да Тамаша. — Рэўком павінен узяць апеку над мацераю таварыша Гічкі. Таксама павінны пасобіць і бацьком таварыша Лукаша. На тваю, Тамаш, адпаведнасьць… А цяпер — пойдзем, хлопцы. Ужо позна, а нам трэба раніцаю быць у павеце.

Усе разам рушылі ў дзьверы.