Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/169

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Лукаш?

— Я! — адгукнуўся Лукаш, рушыўшы йсьці.

— Дык, едзем, брат. Прузына Глытвіха згадзілася даглядзець мацеру, — заспакоеным тонам выказаў Платон. — Добрыя, ведаеш, людзі, гэтыя Глытвы. Ніякія сваякі — а заўсёды адгукнуцца, калі трэба.

Яны сьпешным крокам пайшлі ўздоўж вуліцы.

Якраз каля рэўкому Платон з Лукашом спаткалі Яўхіма. У цемнаце ночы ён пазнаў іх і абазваў:

— Таварыш Платон! Таварыш Лукаш! Гэты вы?

— Мы, — адказаў Лукаш, — а ў чым справа?

— Я сьпяшу па вас. Ужо прачакаліся. З паўгадзіны як коні гатовы.

— Прачакаліся-а! Пасьпеюць, — адказаў Платон.

Усе ўтраіх пайшлі ў рэўком. Слабое сьвятло ў вокнах быўшай мяшчанскай, управы, а цяпер рэволюцыйнага кутка мястэчка, клала сьвятляны нарыс вакна на паламаныя платы гародчыку. Раз-по-разу мігалася між вакна чалавечая цень.

— Падводчык ужо нарыхтаваўся якраз, — выказаўся Яўхім, калі яны падышлі да рэўкому, — і ў канцылярыю ня хоча зайсьці; неадступна стаіць ля каня ды вас чакае.

Яны прайшлі між нявысокага росту ў зімовай шапцы й паўшубку, з пугаю ў руках, чалавека, які штосьці парадкаваў на возе.

— Ці ня вы паедзеце са мною? — запытаў ён, калі яны прайшлі ў двор і сталі паднімацца на ганак.

— Зараз, зараз, — адазваўся Яўхім і прачыніў у рэўком дзьверы.

У рэўкоме Платон з Лукашом засталі толькі прыежджага таварыша з Тамашом. Прыеджджы сядзеў пры стале на зэдліку, а Тамаш тупаў па хаце. Чутно было знадворку, як яны вялі аб нечым гарачую гутарку, але перарвалі яе ў тую хвілю, калі прачыніліся дзьверы.

— Ну, вось і гатова. Зараз можна ехаць, — сустрэў увайшоўшых Платона, Лукаша і Яўхіма Тамаш.