Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/166

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гэтым жанком, каб прышлі жаць, хоць пазаўтра. А я буду прасіць Тамаша — хай пасобіць зьвязьці. Ён павінен гэта зрабіць… Ды, я думаю, бацька прыедзе хутка…

Выслухаўшы сына, Юзя разгорнілася, завойкала часьцей і пачала наракаць на Платона:

— Як табе ня сорамна, сынок… пакідаць мяне адну ды хворую… Што ты сабе думаеш… Няўжо-б ты ня вытрываў на гэты раз?.. Няхай-бы цябе абмінулі… А каб то ня было цябе, што-б тады рабілі? Эх, Платонка, і ня сорам табе рабіць так? Гэта-ж людзям на пасьмешышча будзе. Скажуць: мацеру адну пакінуў уміраць, а сам усё з гэтай рэволюцыяй… Адумайся, апамятайся…

Апошнія словы Юзі перайшлі ў балючы зацяжны енк. Платон, слухаючы яе, ня меў мажлівасьці ўсядзець на месцы і пачаў тупаць па хаце. Ён ня ведаў, чым суцешыць маці, чым даць ёй зразумець пераважнасьць спраў рэволюцыі над справамі сям’і. Побач з гэтым перад ім мігнула думка, ці не ўзваліць віну на ўвесь рэўком, які ня прыняў на ўвагу яго сямейнае становішча, але тут Платон баяўся зыйсьці з рэволюцыйнага разуменьня пытанняў. Яму здавалася, што рэволюцыянэр не павінен мець жаднае спагады. Усё, што побач рэволюцыі, то бязумоўна ніжэй яе па значнасьці. Так Платон думаў праз доўгі час свайго сьвядомага жыцьця. Дзеля рэволюцыі ён афяраваў пачуцьцём каханьня, пакінуўшы без адказу просьбу каханай дзяўчыны не выяжджаць на падпольную працу пры немцах. Дзеля ідэі рэволюцыі ён забываў бацькоў, ня ведаючы, як і што яны жывуць, як іх становішча пад палякамі. З гэткім-жа пачуцьцём Платон падаў сваё рашэньне ў рэўкоме ехаць яму першаму. Але цяпер, калі прышоў дамоў, каб сабрацца ў дарогу, і застаў хворую маці адну-адзінюткую ў хаце; цяпер, калі ў муках болю старая застаецца бяз нікога, хто правёў яе можа на сьмерць, — цяпер Платон мусіў крануцца ў непарушнасьці сваіх думак. Набягалі навеі сумненьня, зьявілася хаценьне знайсьці тую ці іншую аслабнасьць у пазывах свайго рашэньня ехаць. «А мо’ й назаўтра застацца? Няўжо нельга прапусьціць і аднэй