Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/165

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

прыпыніўшыся ў сваім двары. «Добра-б было, каб мне скора вярнуцца. А то ўсяк можа быць. Увойдзеш у працу — і ніяк нельга будзе яе кінуць… Не паехаць-бы? Не — гэтага нельга даводзіць. Немажліва пакінуць бязьлюдным месца, дзе патрэбна замацоўваць уладу. Запраўды, нас тут досыць і пяці чалавек. Адчыняюцца новыя абшары, сьвежыя, якія патрабуюць многа сіл і працы. Не паехалі-б знарок за людзьмі, каб ня экстраная патрэбнасьць у іх. Так! Трэба ехаць! Я мушу ехаць! Не паеду я, другі — як-жа тады быць?»

Платон рашуча ўвайшоў у хату. Маці ляжала на палку ў запечку й паціху стагнала. На прыпечку сьвірэла газьнічка.

— Што з вамі, маці? — палахліва запытаў Платон.

Юзя енкнула мацней і зацяжным, перарыўным голасам адказала:

— О-ох, сынок! Вельмі моцна ў баку закалола. Якраз назмроку пачула; перш ціха, зьлёгку, а пасьля ўсё горай і горай, а зараз — слова сказаць трудна… Скажы-ы, Платонка, — перайшла яна на другое, — ты ня стрэўся з Макаром Плеўкаю? То-о-лечкі вышаў. Ізноў прыходзіў па справе з агародамі… Прасіў перадаць табе, што ён аддзякуе, калі толькі ты зробіш што-кольвечы, каб ён мог яго на палову зжаць…

— Ах, як ён мне надаеў гэты Макар! — злосна вылаяўся Платон. — Што ён думае, пэўна, што я гандлюю савецкім правам! Бессаромны-ы! Лай-дак! Абабраў беднага чалавека і думае, што па галоўцы яго буду гладзіць…

— Казаў, ведаеш, Макар, бач, — асьведамляла Юзя сына, енчачы, — што ён ужо перагаварваў з Ладымерам Цэўкаю… Той, кажа, згадзіўся…

— Усе-э яны гэткія… Цэўкі, Брушкі-ы… Назо-ала. Момантам карыстаюцца — ня болей! А яшчэ дым пускаюць у вочы аб сваёй рэволюцыйнасьці…

Платон падышоў да вакна, паглядзеў на двор, памаўчаўшы крыху, пасьля спакойлівым голасам зьвярнуўся да мацеры:

— Матка. Ведаеце што? Я мушу сёньня ехаць у павет. Няйначай. Пастаноўлена. Вы ўжо тут як-небудзь дайце знаць