Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/163

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

згоду адпусьціць дваіх. Але каго? Прапанаваць другога, таго ці іншага, ніводзін не хацеў. Усе чакалі пропозыцыі з боку прыежджага таварыша…

— Дык вось, таварышы! — не дачакаўшыся адказу, выказаў павятовы таварыш, — нам сёньнека патрэбна выехаць. Каб ня траціць часу, намячайце кандыдатаў. Пакуль яшчэ яны зьбяруцца… Хто ў вас менш заняты й без каго можна было-б абыйсьціся пакуль што?

Рэўкомцы пераглянуліся і зноў ня ведалі, што сказаць.

— Вы-ж павінны ведаць, таварыш, — абярнуўся прыежджы таварыш да Тамаша.

Тамаш сумеўся і, каб мінуць нерашучасьць, сказаў:

— Платон Гічка і Лукаш Цяўе бадай-што лепш другіх падходзяць.

Тамаш пытальным поглядам кінуў у вочы супроціў яго сядзячаму таварышу Аўсею. Той паціснуў плячыма і змаўчаў.

— Чаму няйначай Платону? — раптам запытаў Платон, — ласьне я менш заняты за цябе? Хай скажуць таварышы. Ды да гэтага яшчэ — маё дамашняе становішча, як табе ведама… Бацька адправіўся ў абоз, а дома адна старая маці… Жнітво падасьпела…

Прыежджы таварыш чэрства паглядзеў на Платона, кіўнуў галавою і сказаў:

— Таварыш! Нам няма чаго чапляцца за розныя прычыны. Сям’я, дамашняе становішча — гэта буржуйныя забабоны, з якімі нам не належыць лічыцца. Рэволюцыя вышэй усяго. Калі вы шчыры рэволюцыянэр, вы не павінны былі-б…

— Так, я шчыры рэволюцыянэр! — узьнятым ад крыўды голасам выгукнуў Платон, перарваўшы дакорлівы монолёг прыежджага таварыша: — маю шчырасьць можа кожны з таварышаў засьведчыць. Я цэлы год працаваў падпольна, соткі разоў быў на валаску ад сьмерці. А ў гэты час бацькі бяз хлеба сядзелі. І сам я ня меў каліва дапамогі. А другія ў той час лаўнікамі служылі ў палякоў… Вы абмыляецеся, таварыш, калі кажаце так…