Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/161

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Што гэта там? Якая такая справа, што ажно падаслалі? — пацікавілася Юзя і, пакруціўшы нездаволена галавою, дадала:

— Вунь, людзі ўжо жнуць. І наша жыта ажно шамціць — сьпелае. Трэба жаць, а то колькі яго ёсьць і тое гатова прапасьці.

Яна з хвіліну памаўчала.

— А ў мяне на бяду штосьці так пачало калоць у баку, што сагнуцца нельга… Платонка, няхай-бы ты як-кольвечы выпрасіўся на дзень да справіўся з жанцамі… Няўжо там не абыйдуцца й дня без цябе. Га?.. Ты-ж і так…

— Добра, добра… Я гэта пастараюся зрабіць… можа заўтра ўранку…

— Заўтра?! Чаму-ж ты так кажаш? Чаму заўтра? Жанцоў сягоньня трэба заладзіць, каб заўтра ўжо ўпэўненым быць… А то яшчэ дзень-другі — і жыта перастаіць, паломіцца, асыплецца… Ты зайдзі вось зараз да Міхаліны й да Алены і папрасі іх…

— Не, не. Цяпер я не магу. Я вечарам толькі вярнуся з рэўкому…

— З рэўкому… Ай, гэты мне твой рэўком омегам вылазіць, — чуць ня ўкрык вымавіла Юзя і хутка кінулася ў сені, сярдзіта стукнуўшы дзьвярыма: — Ты й бацьку выправіў, як у пекла… Паўлусь, нябось, хоць таксама рэўкомец, а глядзі, вунь, бацьку дома затрымаў… Тамаш таксама, — крычала яна ў сенцах.

Платон моўчкі абышоў мацерын крык і пасьпешна панёсься ў рэўком.


V

— Таварыш Гічка, вы ня шчыра адносіцеся да справы, дазвольце вам сказаць, — сустрэў Платона прыежджы з павету таварыш: — мы ўжо вас чакаем болей паўгадзіны. Ведаеце, што справы не чакаюць.