Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/160

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гую палову дня застацца ў дому, адпачыць і разам абгаварыць з мацераю дамашнія справы. «Ды, к гэтаму», думаў ён ідучы, «павінен бацька хутка вярнуцца. Ня мусіць-жа ён ехаць бясконца… Падвязе вярстоў са сто, а там ужо зьменяць другія. Яно-б хай-бы сабе ехаў і далей, толькі стары замучыцца ў доўгай дарозе. А тут яшчэ гэта жнітво… Запраўды, што-ж маці зробіць, калі мне прыдзецца куды выехаць!»

Прышоўшы дадому, Платон мацеры не застаў: яна незадоўга перад абедам пайшла ў жытні палетак паглядзець, у якім становішчы жыта. Платон сам знайшоў яду, паабедаў і сабраўся прылегчы. Але толькі ён пасьпеў разуцца, як знадворку пачуў гутарку. Ён барджэй назад усьцягнуў боты на ногі і пабег да вакна. У сенцы якраз уходзіла маці і стораж рэўкому, Яўхім.

— Навошта ён вам? Дайце хаця паабедаць вольна, — казала расьсерджаным голасам Юзя.

— Я ня ведаю нічога. Мяне паслалі, і я прышоў. Пільна патрабуюць, — адказаў Яўхім.

«Што за ліха! Навошта я ім?» падумаў Платон, абярнуўшыся да дзьвярэй і чакаючы ўваходу Яўхіма. «Нядаўна нікога ня было, а гэта вось насьпела: дыхнуць ня могуць без мяне. Галава трашчыць — а й гадзіны нельга супачыць…»

— На, вось ты мо’ даўно ня бачыўся, дык маеш, — пераступаючы парог і паказваючы на Яўхіма, які йшоў сьледам, злосна выказала Юзя. — Чаго такі табе так пільна патрэбна там быць? Ласьне ты даўно ўжо ўдому?

— Чакайце-э… толькі, маці…

Платон узяў ад Яўхіма запіску, прачытаў і ўголас выказаў:

— Што за прымха! Надало яму прыехаць. Тут ужо нечым пахне. Пэўна якое-кольвечы экстранае здарэньне.

— Ну, ідзеце, дзядзька, скажэце, што я зараз прыду, — прамовіў ён да Яўхіма.

Яўхім павярнуўся і вышаў з хаты.