Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/158

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

біць. Ды, галоўнае, і дзядзьку! Вядома, што так нельга. Гэта-ж запраўдны кулак, — занедаволіўся Тамаш.

— Ну, вось бачыш…

Платон не даказаў. Стук у дзьверы каморкі, дзе ён сядзеў з Тамашом, перабіў іх гутарку. Платон ускочыў з месца і адчыніў дзьверы. За дзьвярыма стаяў яго бацька.

— Што-ж ты так засядзеўся тут, — дакорліва сказаў Юрка, — я чакаю-чакаю, а цябе няма. Трэ’ было-б яшчэ парадзіцца аб сім аб тым перад ад’ездам, а ты тут увесь час прасядзеў…

— Дык давайце згадзіўся, — Платон.

— Куды там давайце. Ужо людзі паехалі. Я забег сказаць, што і я еду…

Яны ўдваіх, пакінуўшы Тамаша, вышлі з рэўкому на пляц. На пляцы ўжо стаяў цэлы кірмаш фурманак. Грамадкамі між вазоў, паадзяватыя ў дарогу, з клумкамі стаялі мяшчане. У напрамку павятовага шляху адмячаўся руплівы рух. З-за мястэчка з боку таго-ж самага шляху даносіўся заціхаючы сьпеў войска.

— Бацька, — абярнуўся Платон да бацькі, — ты далёка ня едзь. Правядзі да Слоніма і варочайся. Адпрасіся — ты-ж стары…

— Ды ўжо там убачым. Буду старацца праз дзён пяць вярнуцца. А вось ты тут… Не пакінь, нябожа, мацеры; яна адна прападзе, у выпадку чаго. Не пакідай яе… Наймеце якіх пару жанцоў і сажнеце жыта, пакуль я вярнуся, — парадзіў Юрка.

Ён хацеў яшчэ дапамянуць нешта наконт гумна, — але ззаду падалі крык:

— Займай чаргу, стары!

— Юрка ўзяў каня пад аброць і ўехаў у агульную чаргу.

Платон стаў на ўзгорку з боку і глядзеў усьцяж шляху, па якім, мо’ на дзьве вярсты працягам, шэраю вужакаю віліся падводы. Густы слуп пылу, каламуцячы паветра, паднімаўся ўгору.