Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/156

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Юрка, Платон, дакуль вы там ня ўходзіцеся? Ідзеце ў хату, зараз сьнеданьне будзе, — пагукала яна.

Мужчыны ўвайшлі.

— Вось што, родныя мае, — абярнулася да іх Юзя, — час ідзе, а мы-ж яшчэ не парадзіліся, нават, як будзе хата? Адзін едзе зараз, а другі — у кожную хвіліну таксама можа пакінуць мяне. Дайце абгаворым, што прыдзецца мне рабіць?

Юрка прысеў каля стала і, падумаўшы, адказаў:

— Што-ж я! — я нічога! Няхай Платон кажа. Калі я паеду — пэўна ён тут магчыме застацца… Чуеш, сынок? Дагледзіш ты хаты й мацеры?

Платон упэўнена адказаў:

— Трэба будзе.

— Ну, а калі самога пагоняць куды? — запыталася Юзя.

— Нічога. Тады рэўком пасобіць… не бядуйце.

— Ой, глядзі, Платонка. Ты дарэмна так запэўняеш, — сумелася Юзя. — Паедзеш куды, а мне — пропадам прападай.

— Ня бойцеся, маці, я ня дам прапасьці… Ну, давайце сьнедаць, да трэба бацьку ехаць, — каб не зацягваць каразьлівае гутаркі, папрасіў Платон.

Юзя паслухна падала на стол сьнеданьне, а сама задуменна вышла ў сені. Юрка з Платонам пачалі есьці.


III

Пасьнедаўшы, Платон з бацькам паехалі да рэўкому. На вуліцы і на рынку пакуль ня відаць было ніводнае фурманкі. Яны пад’ехалі да будынку рэўкому і прыпыніліся. Юрка застаўся на возе, а Платон пайшоў у канцылярыю.

У канцылярыі рэўкому было ўжо некалькі чалавек з рэўкомцаў, у тым ліку Тамаш Яўгеняў, Сіман Хаімаў ды іншыя. Угледзеўшы Платона, Тамаш запытаў яго:

— Ну, як з фурманкамі? Зьбіраюцца?

— Пакуль ня відаць… Толькі вунь мой бацька стаіць.

Яны прайшлі ў асобны пакой і паселі каля стала.