Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/155

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

жалі пытаньне з фурманкамі. Раптоўнасьць гэтае прыгоды вельмі занепакоіла ўсіх.

Кожны выказваў свае погляды на трапленае і намячаў высьце. Угледзеўшы Платона, некалькі чалавек з грамадкі зьвярнуліся да яго з запытаньнем:

— Платон, ці нельга было-б прасіць у цябе заступніцтва?

— Не, мужчынкі, тут я ўжо вам не пасаблю нічога. Прыдзецца ехаць. Пасобце чырвонай арміі. Гэта ваша павіннасьць для саміх сябе…

— Гэ, яго бацька астаецца, яму няма чаго непакоіцца, — упікнуў адзін з грамадкі.

Некалькі чалавек падмацавала яго голасным «але, але! Што-ж дзіўнага!»

Платон нездаволена махнуў рукою і вярнуўся ў хату.


II

Назаўтра Гічкава сям’я прачнулася раньняй раніцаю. Юрка пачаў зьбірацца ў дарогу. Платон яму пасабляў. Юзя ўвіхалася каля печы, каб згатаваць сьнеданьне. Праз ноч яна адышла ад злосьці і прымірылася з пастановаю мужа й сына — не адпрошвацца ад падводы. Ня прыходзілі ў голаў думкі, каб яшчэ паспрабаваць угаварыць сына заставіць Юрку дома. Юзя ведала нораў аднаго й другога і лічыла дарэмным пачынаць усякую гутарку: «насталі — то зробяць».

Юзю непакоіла адно — не застацца-б ёй і без Платона. Яна, як і большасьць мяшчан, ня верыла ў цьвёрдасьць становішча. Што-ж будзе, калі яна застанецца аднэй? Юзі хацелася абгаварыць гэта пытаньне пры мужу й пры сыне. Ходзячы каля печы і гатуючы сьнеданьне, яна раз-по-разу пазірала ў вакно, каб упэўніцца, ці ў двары мужчыны. На вуліцы чуўся крык і суятня. Хаця-б не пагналі раптоўна, ня даўшы якраз сабрацца? Каб гэтага ня здарылася, Юзя рашыла мужчын зазваць у хату.