Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/154

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ды што ты, Піліп, — азвалася дасюль маўчаўшая Юзя, — ён у нас да таго верны служака, што й на ногаць ня хоча ў свой бок перадаць. Навошта дарэмна казаць. Другія, глядзі, вунь… зямлі набяруць і кароў, і ўсякая ўсячыня.

— Вось ты хаця маўчы, — пераняў жонку Юрка: — мала хто як вядзе сябе. У Платона сваё разуменьне. Ужо-б, пэўна, ён зрабіў-бы што-небудзь Піліпу, а бачыш, нельга значыць…

Піліп ліхамысна скрывіў міну, пачасаў патыліцу і адказаў:

— Тут, мабыць, ні што іншае, як аддзяка мне за ранейшае. Што-ж, нечага рабіць — выбачайце!

Піліп падняўся:

— Гэткі ўжо сьвет цяпер: хто дужшы — той прутшы. Прышлі бальшавікі — ваш верх. Але яшчэ невядома, чым кончыцца…

— Прашу не абражаць Савецкае ўлады, — перабіў раззлавана Платон, — яна прышла не прыгнятаць, а вызваляць бедных людзей і іх краіну. І лаяць яе я не дазволю… — Платон зьнізіў голас. — Трэба вам, дзядзька, зразумець, што тут ня гандаль які вядзецца, а аддаецца павіннасьць агульнай справе. Чаго-ж ухіляцца ад гэтае павіннасьці…

— Н-ну-у-у, як разумееш!

Піліп вышаў з хаты. За ім усьлед — Юрка.

— Вось бачыш, ніякага сораму ня мае, — адазвалася Юзя, — здавалася-б, і ў вочы брыдка паказацца, а то-та-ж — прыйшоў, як нібы-то той. Пасоб, памажы…

— У тым-то й рэч. Астанься бацька ўдому, дык тады пальцамі затыкаюць. І цяпер, вось, што гавораць. Думае, што я помшчуся, калі не раблю таго, чаго яму хочацца, а бацьку застаўлю дома… Хітрыя, кулаччо!..

Юзя змоўкла. Платон задуменна прайшоў некалькі разоў па хаце і пасьля вышаў на двор.

На вуліцы стаяў гоман і беганіна. Каля суседняй хаты сабралася грамадка мяшчан, якія пільна й клапатліва разва-