Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/151

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Платона і пачаў радзіцца наконт таго, як і што заўтра зьбірацца ў дарогу.

— Я думаю, сынок, нас далёка не пагоняць. Немагчыма-ж, каб я, стары, да Варшавы ехаў. Вось мо’ толькі да Вільні правядом і вернемся. Дык, я думаю, вазьму гэтыя старэнькія калёсы з нарадам, палажыў палукашак — і добра будзе… Як ты кажаш?

— Ды ўжо, вядома, як-кольвечы, як магчыма!.. Хто ведае, як там будзе, — адказаў Платон; — можа правядзіцё да Вільні, мо’ й таго бліжэй. Толькі раз выходзіцца, то трэба…

Платон не даказаў: падышоўшы да вакна Піліп Хрэн пераняў яго воклікам:

— Ці ты дома, Платон? А я ўжо каторы раз наведваю і ўсё не застаю цябе ў хаце.

— Чаго ён ужо пляцецца сюды? — сказала нездаволена Юзя, — пэўна да цябе, Платон. Прыяцель вялікі знайшоўся… Ты адно, сынок, не зважай на яго. Паддобрывацца будзе.

— Гледзячы, што будзе казаць!

— Хоць-бы што, — буркнула Юзя…

Піліп увайшоў у хату. Яго шырокі, аброслы барадою й бакамі твар, з вузкім вострым носам і сінімі вачыма, насупярэч заўсюдашнему вясёламу погляду, быў спакойна, нават крыху сур’ёзна настроены. Агледзеўшы хату і прывітаўшыся, ён адразу ня мог перайсьці да гутаркі і хвілін са дзьве прастаяў моўчкі. Але ад гэтага стала яму няёмка, бо і Платон, і Юрка, і нават Юзя зьдзіўлена глядзелі на яго, чакаючы, што будзе казаць.

— Я, ведаеце, суседзі, да Платона прыйшоў, — пачаў Піліп, стоячы на адным месцы, — справа гэткая, што хоцькі ты тапіся…

— Ідзі прысядзь, Піліп… А то стаў у парозе, як які незнаёмы, і стаіць, — пазваў Юрка.

— Дзякую, — адказаў Піліп і прысеў на лаўцы ў мыцельніку.