Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/150

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Раззлаваўшыся як сьлед, Юзя не магла далей казаць і, абарваўшы гутарку, павярнулася да свае работы. Юрка маўчаў і пазіраў у вакно.

— Не гарачэцеся толькі, мама, — тым-жа роўным, спакойлівым голасам, падышоўшы да печы, пачаў Платон, — вы мне праз дзесяць, калі ня болей, гадоў даеце свае рады. І прыпомніце, ці хоць-бы раз яны падыходзілі да ладу. Так і цяпер. Нельга так разважаць, кажу я. Не паказвайце на другіх. Тамаш Яўсігнееў тут ні прычым. Ён адно — а я другое. Хай сабе ён робіць пасвойму.

Бачачы настойнасьць сына, Юзя захацела спагнаць злосьць на мужы.

— Та ты-ж чаго маўчыш? — абярнулася яна да Юркі. — Пэўна ўжо й гатоў ехаць? Угаварыўся…

Юрка адвярнуўся ад вакна, сур’ёзным поглядам абвёў жонку і цьвёрда выказаў:

— Так. Такі я мушу ехаць… Калі трэба — то трэба. Платон праўду кажа. Не паеду я, не паедзе другі — дык што тады? Наша павіннасьць памагчы ім. Можа не памагчы Ігнась ці Саўка — ім паны лепш, а нам гэта кроўная справа.

Юрка паказаў пальцамі на Платона:

— Яны, глядзі, ня толькі для сябе робяць, а і для нас… Пан — вораг іх і вораг наш.

— Падумаеш! Дабра табе нарабілі! Вось паскубаюць, толькі ў гэтым іх дабро.

— Ша-а, Юзя, маўчы, — пераняў Юрка жонку. — Ужо, сапраўды, ты вельмі вырасьціла свой язык. Раз трэба ехаць — то трэба. Паном езьдзілі, чаму-ж нашым адмаўляцца! Усё-ж выбавілі нас. Мала мы панацярпелі? Колькі ты сама паплакала!

— Выбавяць… Выбавяць… Так выбавяць, што ворагам закажам.

— Кіньце, маці, — усур’ёз пераняў мацеру Платон: — ці ня брыдка плявузгаць ліха-ведае што!

Юзя змоўкла і нэрвова зачасьціла стукаць сечкаю па лаве. Юрка, не зважаючы на злосьць жонкі, падышоў да