Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/149

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

паказвалі пальцам увесь час ды казалі: «А чаму Гічка не паехаў? Чым ён лепшы нас?» Ехаць трэба ўсім. Толькі грамадою мы адаб’ём ворага. Паны гэта ведаюць і трымаюцца дружна. Вы не паедзеце, другія не паедуць, дык як-жа тады быць? Пакінуць войска без абозу?.. Ня можна. Гэта значыць — праз тыдзень вярнуць палякаў… Гэта значыць — праз тыдзень пачуць іх крык і пугу, праз тыдзень папасьці пад іх прыгон. Трэба ехаць, тата! Едзьце! — ні слова… Хай не паказваюць на нас пальцам… Прыдзецца пацярпець — пацерпім, як і ўсе. Нам не прывыкаць… Цярпелі для другіх, трэба і для сябе.

Юрка ўважліва слухаў сына. Перш нездавальняюча ківаў галавою і разводзіў рукамі, а пасьля супакоіўся, удумаўся ў кожнае слова Платона і, відаць было па твары, пераканаўся ў праўдзе Платонавых слоў. Затое Юзя ніяк не хацела згадзіцца з сынам і нэрвова, пакуль Платон казаў, пазірала на мужа, крывілася і памыкалася перабіць сына, і толькі Платон змоўк, як Юзя накінулася на яго:

— Ах, які ты ўжо шчыры стаў! Так і рымсьціць, так і трасецца, каб ня сыйсьці са сьцяжынкі. Падумаеш, дзякуй вялікі маеш за свае стараньні… Цалюткі год хаваўся, на валаску ад смерці ліпеў, а тут капейкі ў хаце ня было; бацьку даводзілася за пяцьдзесят вёрст у дарогу езьдзіць, каб якую капейку зарабіць. А хіба хто ўвагу зьвярнуў, ды памог? Дастанеш! А гэта вось, зноў: падыйшло жніво, трэба сабраць сёе-тое з поля — дык бяры і едзь нямаведама куды… А тут — перасьпявай на коласе; гінь, прападай… Каб ужо ды сам ты хаця быў пры хаце, а то ў кожную хвілю мусіш пакінуць нас. Падумай, гэта лёгка сказаць, а паспрабуй… Ды што казаць! Ты ўжо ў нас гэткі праведнік!.. Увесь век, толькі стаў на ногі, як усё за гэтым удараеш. Усё на кагосьці стараешся, бегаеш, езьдзіш, як-бы ў цябе нічога й нікога няма. Вось-жа й Тамаш Яўсігнееў лічыцца соцыялістым, а паглядзі ты: і за палякамі спакойна жыў, і цяпер… устроіць так, што ні ў абоз не паедзе, ні, крый чаго, з Маргоў ні ўцячэ. Бо, вядома, дбайны…