Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

здымаюцца з месца і гушчэрнаю колёнай рынуцца ў бойку. Чуецца рэзкі выстрал, выяўны… за ім другі, трэці, многа… і яны будзяць Агапу.

Яна прачнулася, але цяжар, прынесены бяссоньніцай, зьвязваў яе рукі і ногі і прыкоўваў да ложка.

— Ах, трэба паднімацца! — праказала яна пад канец і ўстала, змардованая, бясьсільная. Задумалася, заохала… з поўгадзіны прасядзела нярухома…

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

— Агапка, Агапка-а… — перабіў яе думкі рэзкі вясёлы вокліч убегшага з вуліцы яе малодшага браткі Сымонкі: — Прывязьлі Костуся Акрайца… У-у-у! якая пекная труна! Уся абабітая чырвоным мошастам, з белымі кутасамі па рагох, з вянкамі на версе. Якіясьці два ахвіцэры прывязьлі на пары коняй…

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Апошніх слоў Агапа не магла разабраць: сэрца яе балюча ёкнула, нібы абарвалася, працятая гострым нажом. Не павярнуўся язык, каб выказаць слова, запытацца, разузнаць. Дзікім сполахам абдало яе ўсю, але не забіла, а толькі на момант прышыбла…

Хутка, маланкаю саскочыла Агапа з ложка, схапіла ляжаўшую на лаве хустку, нядбала накінула яе на голаў і ў сподняй спадніцы вылецела на двор.

Адчаяны няпрытомны выкрык, вырваўшыся з яе вуснаў: «Бо-о-жа-аж мой! Ко-осьці-ык дара-агі!» зьліўся з рэзкімі стукамі засаўкі…

— Агапа, Агапа! Што-о з табою? — паняслася за ёю Домна, убачыўшы праз вакно дачку, якая бегла на вуліцу.

А на вуліцы ў гэты час чуўся жудасны зацяжны плач. Зьбіраўся сялянскі натаўп, і чуўся пахавальны звон.