Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/144

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Мікіта зачыніў за імі дзьверы.

— Ну, як жывеш?

— Здароў, браце!

— Што чутно?

Прывіталіся папарадку. Пачаліся распытаньні.

— Гэта пасьля, пасьля… Цяпер, калі ласка, вып’ем па чарцы ў адзнаку яго прыезду, — пераняў гутарку Хрызь.

Бацькі хапілі Алеся, Трахіма й Фэйгу і пацягнулі іх за стол.

— Вы-ж самыя лепшыя й самыя блізкія прыяцелі нашага Ігнаткі. Ён так чакаў вас, так хацеў убачыць… За яго здаровейка! — пераказвала Аксеньня.

— Гэта наша бяседа мо’ будзе замест вясельля. Хто ведае, як будзе далей, ці прыждамо мы нашага сынка… Ня пэвен чалавек, ня пэвен час… Сядайце, дзеткі! Некалі-ж разам працавалі, — казаў ад сябе Мікіта.

— Ды ўжо-ж, мы зьвязаны адзін з другім многім чым… Ёсьць што ўспомніць…

— А вось дачакаемся стрэчы, калі нашы ворагі будуць хавацца гэтак, як мы, калі…

— То ўжо ваша справа, а нам, старым, не дачакацца таго, не…

Ігнась наліў чарку й падняў яе над сталом, падаючы бацьку.

— Ну, стары… — весела выгукнуў ён і змоўк.

У дзьверы нехта стукнуў і перабіў Ігнася.

Усе навастрыліся й прыціхлі.

— Мікі-ы-та-а, Аксе-э-ньня-я, хавайце сына-а… хава-айце-э-э… — зацяжным шэптам праняслося ў сенцы праз ваконца. — Ідуць стражнікі, хутчэй-эй…

То быў жаночы голас, і Аксеньні паказалася, нібы суседкі Парулі.

— Гэта Паруля, — выказалася Аксеньня да ўсіх. Чакайце, я выбегу ў двор.

Яна кінулася ў дзьверы, матаючы рукою назад.