Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/143

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Гэта ў тваю чэсьць, сынок мой… Так мы рады, што ўгледзелі. Ці дачакаемся другі раз?

З яе вачэй выплыла засаб некалькі буйных сьлязін. Аксеньня абцерла твар прыпяразаным хвартухом.

— Будзем бачыцца, матка! Не даждаць ім разлучыць нас з табою. Дарэмна! Голаў сваю скруцяць, а ня супыняць таго руху, які нясе ім пагібель…

Хрызь дастаў з-пад полу дзьве пляшкі, абвязаныя белаю хусьцінкаю, і паставіў іх між місак.

Мікіта зьняў з паліцы хлеб і прыняўся кроіць ды раскладваць па ўсяму сталу.

Ігнась тупаў па сенцах, пазіраючы то на стол, то на бацькоў і гладзячы доўгія шэрацёмныя косы. На яго заспакоеным твары раз-по-разу прабягалі раптоўныя ўздрыгі, і тады Ігнась на хвілінку прыпыняўся ды падозрана азіраўся вакол. Пасьля йзноў пускаўся ў хату, забываючы сваё становішча і ўмовы, якія яго акружалі ў бацькавым доме, у родным куце. Падступала к яму цьвёрдая пэўнасьць і спакойная бясьпека, якія вызывалі вострае хаценьне паказацца як найбольш каму. Асабліва рупіла хутчэй угледзець таварышаў і распытацца ў іх, як і што стаіць справа з яго ад’ездам у Амэрыку.

— Дзе-ж яны, такі, гэтыя хлопцы? — запытаў Ігнась брата, калі стол ужо быў акуратна прыгатаваны да стрэчы гасьцей.

— Зараз павінны прыйсьці! — заспакоіў Хрызь, — вось я выбегу, пагляджу, — дадаў ён.

— Куды-ы табе… — спыніў бацька і раптам змаўчаў.

Прымоўклі і Ігнась з Хрызем.

З двара данёсься ціхі, украдлівы тупат шагоў.

— Вось прагаварыліся ў добры час.

Усе чэцьвера (Аксеньня якраз вышла з хаты), як па камандзе, пастроіліся радком, абярнуўшыся тварамі да дзьвярэй і пачалі чакаць.

Неўзабаве адчыніліся дзьверы, і ў сенцы ўвайшло трое асобаў — Алесь Цапа, Трахім Зацірка, Фэйга Шамес.