Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/145

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Але ўжо ня было спакою: усе павылазілі з застольля і трывожна пераглядаліся. Мікіта са сполахам у твары паглядаў на Ігнася, які настарожана глядзеў усьлед мацеры.

— Аксеньня-а, што-о ты сабе-э думаеш? — пачулася выразна скрозь шчыліну адчыненых Аксеньняю дзьвярэй.

Таксама чулі ў сенцах, як Аксеньня шэптам запытала:

— Паруля? Ці гэта ты, — і зразу-ж перамяніла голас, крыкнуўшы:

— Чаго-о цябе, зладзейка-а, няшчасьце прынясло? Вон, паганка, адгэтуль… Спакою ад вас не знайсьці нідзе, жывадзёры праклятыя… Вон з двара, вон… Хрызь, Мікіта-а, сюда-а йдзеце!..

Як стаялі ў недавуме, так раптам кінуліся ў дзьверы адзін за другім і Хрызь, і Мікіта, і Алесь.

— Гэта-ж Рубчыха шалёная прыбегла страшыць. Вось яна, вось… Папруцінай яе адгэтуль.

Выбегшы ў двор, усе ўбачылі ўстрывожаную, нашароханую Марылю Рубец, якая нясьціхана ўзывала Аксеньню да перасьцярогі, ня гледзячы на яе лаянку.

— Што-о ты да нас маеш, згубіцелька наша, — яшчэ галасьней, да хрыпоты, выгукнула Аксеньня, калі падбеглі да яе Хрызь з Алесем Цапам.

— Мама, чакай… пастой, ня крычы… У чым справа? — запытаў Хрызь, узіраючыся ў абрысы Марылі.

— Я прыбегла перасьцерагчы вас ад бяды… Я толькі-што праведала, што да вас маюцца прыйсьці на вобыск… Можа ўжо нават ідуць дзе… Шша-а, о, чуеце-э…

Марыля прыцішыла голас і падалася некалькі шагоў узад. Тое-ж зрабілі і другія.

Недалёка ад хаты, на вуліцы, пачуўся тупат ног.

— Хавайце-э Ігнася-а, поліцыя! — моцным шэптам праказала Марыля і раптам кінулася наўцёкі. За ёю пусьціўся Алесь, не даючы сабе адліку, чаго і што ён бяжыць.

Хрызь павярнуў у дзьверы, але не пасьпеў адчыніць іх, як з вуліцы данёсься крык:

— Стой-ой! Лаві-ы! Страляй!