Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/142

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Разглядалі і цешыліся кожным рухам доўгажданага госьця, прымячалі ўсякі паварот яго рукі, нагі… Але больш — сачылі за жывым, вясёлым, пахудзеўшым тварам. Углядаліся ў косы — яны падрасьлі і былі зачэсаны назад, у шматвытыркнуты нос, у прыплюснутыя шчокі, у аголеныя вусы. Ігнась цяпер інакшым выглядаў, як быў дома. Але вобраз яго ўцалку астаўся тым-жа самым: тыя рысы ўхмылкі, поўны ўміленьня; чуць адметныя маршчынкі на лбу, вастраваты падбародак, вытрыкнутыя скроні; зьлёгку сутулая фігура… Той, той, той знаёмы вобраз!

Бацькі ня мелі слоў, ці не хацелі знарушаць урачыстасьці спатканьня — і маўчалі, нярухома стоячы. Ігнась сьпяшыў разьдзецца, аглядзецца. Хрызь бегаў то з хаты, то ў хату.

За трэцім разам, пераступаючы ў сенцы, Хрызь спакойліва праказаў:

— Зараз надыдуць госьці, прыгатоўмася.

Аксеньня рушыла з месца й пабегла ў хату. Мікіта з Хрызем аднесьлі к боку дзьве бочкі і прыставілі да лаўкі яшчэ раней вынесены з хаты і засланы сурвэтаю стол.

Загутарылі ўтраіх.

— Чакалі, як бога, а разам усё-ж і ня верылі, што ты будзеш з намі. Гэткая ўжо натура людзкая. Глядзімо з мацераю ў вакно, а ты ўсё й мігаешся ў ваччу… А сэрца нясупынна б’е, трывожыцца. Чаго добрага — усё можа стацца.

Мікіта паглядзеў на дваровую сьцяну сянец, дзе ў драцяным пераплёце глядзела чорным вокам малюпаткае вакенца, і азірнуўся на Ігнася.

І ў нас усялякія людзі ёсьць. Нельга верыць усім.

Ігнась паглядзеў на бацьку і запытаў:

— Вы хаця нікому не казалі, што я прыеду?

Хрызь за бацьку адказаў:

— Будзь спакоен.

— Будзь спакоен, — паўтарыў Мікіта.

Аксеньня вынесла з хаты некалькі місак з патраваю і паставіла іх на стол. Ставячы, паглядзела на Ігнася.