Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/141

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Я папярэджу Вілаў… Няхай-жа ведаюць маю дабрату… — з пэўнасьцю дадала яна.

— Стой, стой… Толькі ня ты… Пашлем Алену… Супакойся, сьцішся…

Узяўшы Марылю за руку, Гарасім павёў яе ў хату.


IV

Толькі Ігнась крануў клямкі дзьвярэй, як бацькі, Мікіта з Аксеньняю, паўскоквалі з сваіх мясцоў і клубкамі панесьліся ў сені. Аксеньня пасьпела схапіць на прыпечку газоўку, але яна тут-жа згасла. У поцемках Мікіта наткнуўся на гратаўку ў мыцельніку і скінуў пару місак. Некалькі хвілін, якія паказаліся доўгімі гадзінамі, старыя патаўкліся каля парогу, пакуль Мікіта натрапіў на клямку дзьвярэй. А намацаўшы, моцна хапіўся аберуч і націснуў, як мага. Адчыніліся дзьверы.

— Сынок мой! — уголас прывіталі абое, ня ўгледзеўшы Ігнася ў цемі, а толькі пачуўшы шкрэб яго сьлядоў.

Абое разьнялі рукі на ператоч шырыні дзьвярэй і замерлі ў салодкім чаканьні.

Ігнась трапіў у мацерыны абоймы.

Перакрыжаваліся рукамі, пацалаваліся зацяжным пацалункам. Ад мацеры Ігнась павярнуўся да бацькі — тое самае.

— А Хрызь дзе? — запытаў Ігнась.

— Я тут, я сяджу ў вакне, пільную… Меліся надыйсьці Алесь з Трахімам ды з Фэйгаю… — адказаў Хрызь і падбег к брату.

— Лепш у сенях разьдзенься, Ігнаська, — параіў ён, — вось я засьвячу газьнічку.

Моўчкі ўсе адышлі ад парогу і зачынілі хату. Хрызь запаліў сярнічку, адняў у мацеры газьнічку і паставіў яе на жорнах.

Сумны агоньчык разьвеяў цем, закалыхаўшы па сьцяне чатыры доўгія цені. Старыя ўперыліся вачыма ў Ігнася і пільна пачалі яго разглядаць.