Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/140

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А яна ўсё бегла…

Ужо каля дому Марылю стрэў Гарасім. Пакуль яна бегла, ён сумеў вырашыць канчаткова і цьвёрда, што ня варта разводзіць задуманай жонкаю справы… Навошта?.. К чаму тая вазяніна з поліцыяй? Ці-ж ня можна йначай вылажыць крыўду? А чаго добрага, даведаюцца людзі і скажуць: вунь на што пайшлі з-пад кутка, такім спосабам… То ўмаляла людзкую вартасьць, зьніжала гаспадарскі гонар. Зусім ня йшло да твару іх котлішчу карыстацца гэткімі спосабамі адамшчэньня! Ласьне ня знойдзецца сілы адкрыта, прадлюдна спагнаць крыўду? То не пяршыня й Гарасіму. Здаралася ўжо гэткіх выпадкаў ня мала. І ён ня трусіў… Дзеля чаго-ж на гэты раз брудзіць сваё імя? «Ах, якая неўтрапёная кабета, — казаў Гарасім пра сваю Марылю, — проста ня ўрымсьціцца, цудная. Можна-ж словам-другім перакінуцца, а то — вось шукай яе».

Наскочыўшы спуду на задуменнага мужа, Марыля сьпярша не распазнала яго і падалася ўбок. Гарасім міжвольна выгукнуў: «стой!»

Марыля спынілася.

— Ку-у-ды-ы ты нясешся! — зычным шэптам падаў Гарасім.

— Гоняцца, гоняцца за мною! Уцякайма-а…

— Хто? Дзе? — не даверыў Гарасім, але ўсьлед Марылі пайшоў у двор.

— Стражнікі! Не паверылі… Думалі, што я прышла…

— Марыля, ша-а!.. — перабіў жонку Гарасім.

Абое прамаўчалі.

— Навошта было табе несьціся ў стан? Дзеля чаго гэта? Ці мы ня знойдзем прасьцейшае рады? Га? — укорыў Марылю Гарасім.

— Я здуру… Я — дарэмна зрабіла гэта… І за ласку маю страляў у мяне… Аддзяка іхняя… Паганцы, абармоты! — няскладна казала Марыля, узьюшана топаючы вакол мужа… За гэта я мушу…

Яна спынілася на месцы і памаўчала колькі хвілін.