Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/137

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ды ўжо-ж, іх трэба правучыць, — самавіта адказаў Гарасім.

— Пэўна — трэба… І я — іду да стану…

Гарасім задумаўся: жонка ашаламаніла яго сваім раптоўным намерам: ці варта, ці не залішне будзе? Успомніў выпадак, як летась на дзевятніка ён пачаў лаяць старых Вілаў, западозрываючы іх у спашы мяжы на кускох, а Хрызь ад крыўды кінуў у яго гразьзю і папаў у твар. Мяшчане сьмяяліся, а яму намерна было горна і злосна. Кляўся адамсьціць. Доўга трымаў на сэрцы, падгарачаўся заўсёды, ідучы паўз хату Вілаў, а мінаў — забываў… Цяпер жонка дапомніла… Крыўда — але далёкая.

Задумаўся…

— Няма калі думаць! — чэрства кінула Марыля і пусьцілася з двара.

Гарасім штось рашыў; хацеў выказаць жонцы рашэньне, ды не пасьпеў — жонка схавалася за рогам суседняга будынку.

— Неўтрапёная! — кінуў ён усьлед; нават рушыў за ёю, прайшоў на вуліцу — але не загледзеў…

Густы змрок васеньняй ночы скрадаў усё з вачэй на двое сажняў…

Гарасім матнуў рукой і вярнуўся назад.


III

А Марыля пасьпяшала ў стан. Бегла і плянавала, як і што прайсьці да станавога, як сказаць. Сумнявалася, каб яе не затрымалі, ня верыла, ці паложацца на яе данос. Трусіла, каб ніхто ня ўбачыў. З аднаго боку — нібы штосьці бадзёрыла, рабіла яе задорнай, адважнай, сьвядома даючы адлік свайму паступку, а побач вось-вось адно з адным — зусім інакшае пачуцьцё трывожыла якуюсь мясьціну яе істоты сумненьнем, сполахам, нялюдзкасьцю задуманае справы. Пер-