Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/136

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Цёмная вуліца маўчала, Марылі ўсё-ж думалася, марылася, адчувалася каразьлівым пачуцьцём, што нібы яе чуюць, гадаюць яе пляны.

Яна завярнула на Юркаў двор, паўз сьцяну будынкаў дайшла да платоў, пералезла іх і праз гарод, праміком, апынулася на сваім двары.

Гарасім завіхаўся каля кароў: крычаў на іх і крычаў на меншую дачку, Алену, чаму яна псуе канюшыну, даючы яе каровам.

— Гэта-ж згуба, дачушка. Ці-ж табе незразумела тое, што гэта марнатраўства. Гавяда цяпер досыць можа пад’есьці на полі. Гэтулькі травы скрозь! У калена — дзяцельнік, пырнік… Іржышча — як падушка. А ты канюшыну тычаш. А коням на зіму што? Паранку? Каб ты сьвету ня ведала, каб ты… Пане мой — шаснаццаць гадоў дзяўчыне…

Алена штось адгаварвалася з бацькам, толькі Марыля не дачувала. У Марылі ўсе думкі вярцеліся вакол аднаго — чамусьці так прыемнага ёй — вакол помсты Вілам.

— Шша-а, шш-а, ты… Пачакай, — моцным шэптам падала Марыля да мужа, — кінь ты гэта, заўсяголаў ужо гэта канюшына…

Потым зьвярнулася да дачкі:

— Ідзі, Аленка, у хату… Зараз вячэрацьмем.

Гарасім змоўк.

Марыля тузнула яго за рукаў і падвяла к паветцы:

— Чуеш ты!?

— А што?

— Вілаў басяк прыехаў.

— Ці ты маеш лад?

— Упраўду! Кажу табе.

— Хто табе казаў?

— Бачыла я… вось-вось… Я так спачываю ў Піліпа на прызьбе і бачу — прэ наўскоч… Проста ў двор к Вілам... з ку- фэркам. Цяпер трэба… Прыпомні, як яны цябе зьняважылі летась! А межы цяпер хто паабжынаў дазваньня, а бульбу хто паглуміў? Галякі гэтыя — няйначай…