Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/138

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

шае гнала Марылю ўперад, а другое адпіхала ў бакі, у месцы, дзе цем гусьцей, дзе нявыразьней абрыс кожнае рэчы…

Пры выхадзе на другую вуліцу, што вяла на рынак, Марыля запрымеціла трое асобаў. Яны йшлі туды, адкуль яна йшла, і ціха, прытоеным голасам, шапталіся.

Марыля прытаілася каля платоў, шчыльна-шчыльна ўліпла ў міжкольле, ажно балюча стала ў плячо: сук востры, як гвозд, папаў як назнарок. Яна сьціснула зубы, стаіла боль — не парухала. І пачула — не, не здалося ёй, а пачула, як адна з асобаў выказала імя Ігнася.

— Вось яно што… на прывітаньне… пачакайце — будзе вам Ігнась, — зларадна прапусьціла Марыля ў думках і пайшла далей.

На пляцы рынку, гразкім і няроўным, яна не выбірала дарогі, а йшла нацянькі — проста-проста. І чуць не наткнулася на пажарную. Тады крыху падалася ўбок і тут-жа ўгледзела снапок променю, пакірованы ёй насустрэчу: то сьвяціла з канцылярыі стану.

Марыля стала сьмялей. «Ня трэба стукацца, будзіць. Зайду, некалькі слоў скажу, а сама туды, каб падсачыць, як усё зробіцца».

З гэткаю думкаю падышла да стану. Чорная сьцяна брамы яе спыніла. За брамаю было ціха. Марыля задумалася: стукаць ці чакаць?

Пастукала.

— Хто там? — пачулася з-за брамы.

— Адчынеце! Сьпешная справа…

— Хто там? Цягаецца, шлюха, ноччу…

Паціху адчыніліся варотцы і праглянула галава якогась мужчыны.

— Ты чаго?

— Я да прыстава…

— Да прыстава!! — А мо’ да мяне, часамі? Эх, ты, выбарніца…

То быў стражнік.