Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/135

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

усякія возіркі — пайшоў сьпешным пэўным крокам. Ці-ж варочацца, калі хто стрэне, ці-ж палохацца, калі сабака брэша? Ды й то нідзе нічога: вуха ня чуе, вока ня бачыць… Ня красьці-ж ён ідзе, каб трусьліва аглядацца, каб падазрона прыслухоўвацца там, дзе ўсё блізкае, дзе знаёмае вакол, сваё.

Запалонены натхненьнем спатканьня, на скрыдлах уляцеў Ігнась у двор, скрыпнуў вешніцамі, стукнуў у дзьверы — думаў запёртыя, не заўважыў.

Мала што. Мала хто…

Але было ня так.

Марыля Рубец, жонка Гарасіма, не прапусьціла Ігнася між ваччу і між увагі. Супыніўшыся адпачыць, яна прымеціла, як ён ускочыў у двор.

— Вось ён, галубчык, тут… — пацешыла сябе кабета і як мага памчалася дамоў. Мяшок лісту, што несла на плячох, з-за якога так запазьнілася, не мяшаў ёй пасьпяшаць.

Здаецца й даўняе, на добры лад і пусьцяшнае, дробнае, грашовае, але ў крыўду скручанае, атрутай прапітае дагэтуль стоена, ляжаўшае дзесьці глыбока ў нутры — устала, закруціла й затузала памятлівую, яхідную, злапомную кабету.

— Хваліліся, што я не найду для вас рады. Ха-ха-ха! Паабжыналі ўсе межы… Усе загоны пакарпаны… і год-у-год — як наперакор. Загарадзі-ы! Я буду помніць гэты плявок… Ён вам омегам вылезе, калі я данясу, куды трэба… Гарасім ня ведае, вось пабягу і скажу — тады ён… Нябось, не забыўся, як закідалі гразьзю за няма-што… — надыходзіла злосьць да горла, сплятаючы сярдзітыя, скрэпленыя ненавісьцю словы.

Марыля азіралася, каб праверыць, ці не падслухоўвае хто яе намеру, ці не праглядае ў сэрца, маючы на ўвазе перасьцярэгчы «паганых Вілаў». Цёмная вуліца з чуць прыметнымі вырысамі будынкаў таіла ў сабе намеры злапомнай раздражненай вострым жаданьнем помсты Марылі.