Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/134

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Васілька, родненькі, мы табе аднаму давяраем гэта. Ты ў нас адзін такі прыяцель, — дадавалі абое старых.

Больш яны не знаходзілі сьмеласьці, каб пашырыць тайну. Васіль-то ад іх. Можа яшчэ Трахім каму перадасьць — то іх таварыская справа.

Так судзілі Вілы між сабою, гэткае думкі трымаліся.

Ды чакалі пакроў.

Аксеньня разьлічала тайком і на спагадлівае да іх, міласьлівае заступніцтва божай маткі. Цёмнымі ночкамі, устаючы ад сну, пасылала да неба свае модлы… Ня верыла дасканала ў людзей. Мікіта, больш няверны, зямляны чалавек, разьлічаў па сабе, таварышох, па Ігнасю.

А сэрцы абоіх прагліся нямерна. Лічылі дні, пасьля гадзіны, далей квадранцы. Па сонцу, па зорах… Глядзелі ў той бок, куды кацілася што-дня сонца, за бярозавую дуброву, за дзьве рагатыя купы ялінак, якія чорнымі рукамі хапалі промень сонца і тулілі яго ў сваіх іголках. Глядзелі праз двухшыбнае ваконца і час-ад-часу па адным выходзілі на вуліцу, каб абмінуць вачыма высокі шчыт Андронавага гумна. Мікіта і Аксеньня, склаўшы накрыж рукі, пахаджалі паўз хату, падцягаліся на наскох, прыкладалі да лбу рукі і варочаліся, ня ўгледзеўшы.

— Вы ня выходзьце так часта, — пераймаў нецярплівых бацькоў Хрузя. — Вось людзі ходзяць, цікавяцца гэтым, прыглядаюцца і думаюць… усё могуць думаць…

Гэта была рацыя. Людзі — праўда. А ўсё-ж сын праўду кажа.

Яны аселі ў хаце і ад змроку, калючы вачыма гусьцеўшую цем, глядзелі ў вокны датуль, аж пакуль не зашамалі крокі каля сьцяны і ня мігнулася фігура яго, доўгачаканага Ігнася.


II

Старыя Вілы не даглядзелі апаскі — ім ужо ня было чаго глядзець назад ад Ігнася: ён пайшоў і павёў бацькаў пагляд за сабою; а Ігнась ступіў у вулку — значыць адрэзаў