Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/133

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

суцешаным сэрцы гэткую радасьць? Грудзі гатовы пукнуць ад нахлынуўшага ў іх пачуцьця… Як-ні-як, столькі часу ня бачыцца, столькі бурных страшных гадзін з недапэўненай думкай аб яго цэласьці перанесьлі бацькі! Закасаныя за локаць рукі, пабітыя жыламі, сінімі, напятымі, як струны, захудалыя рукі Мікіты дрыжалі ад жалю, снуючы чоўнікам направа й налева. Згорбленая сьпіна, сорак год капаўшая канавы ў балотах Палесься, а пяцьдзесят зім скручаная ў крук над плецянінаю рыдняных мяшкоў падрадчыку, шчымела ад вострых колікаў… Як дым з люлькі, па дваццаць разоў У дзень мяняўшай тытунь, несьліся думкі то ў Менск, то ў Беласток, то дзе-ні-дзе, куды ступала нага Ігнася. Часта-часта, абы крутней рабілася сыну, спускаліся па канаўках-маршчынах васкавога твару Мікіты важкія бабавінкі-сьлёзы… А маці, Аксеньня, можа жаласьлівейшая за другіх мацярок, кахаючы Ігнася болей другіх сваіх дзяцей, гэтая маці адбівала ў сваёй душы кожны момант сынавага жыцьця. Улетку, матыжучы доўгія дні чужыя гароды, а ўзімку, сучучы дваццаць пяць пасам па дваццаць нітак суровае тонкае талькі за дзесятку штука з купленага ільну, Аксеньня палівала сьлязамі і рассаду, і кудзелю — выплакваючы вочы па сыне.

А тут, нарэшце, ён явіцца перад імі. Хай сабе на момант, як лятучая зорка, адно прамігне — хай сабе прамігне — ну асьвеціць-жа сваімі вачыма іх старыя твары, кране словам прытоеныя душы…

Старым не хацелася думаць, што іх радасьць — толькі ім. Старым ня верылася, што за сьценамі іх хаты — сьвет чужы. І нізашто не маглі яны дапусьціць, каб хто знарушыў іх урачыстасьць.

— Хрызь, а Васілю Мешанцы — сказаць трэба. Хай прыдзе ён. Ён-жа, такі-та, хрышчоны бацька Ігнасю, — казалі старыя Вілы свайму сыну.

Хрызь дазволіў сказаць Васілю.

Сказалі і разоў з дзесяць перапрасілі трымаць усё шыта-крыта, пры сабе, ні за сьцены хаты, нават ні за губы.