Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/132

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ігнась у лістох да Трахіма і Фэйгі неаднораз скардзіўся на зьмененыя варункі ў працы, апісваў свой настрой і паведамляў, што наведае дамоў, бацькоў, каб там, пагутарыўшы з таварышамі, падумаць аб Амэрыцы. Што-ж іначай? Змагацца — звязаны рукі, спарлюшавана сіла. Можа й ніякавата ўцякаць з поля бойкі, але-ж ці ён адзін вымушан на гэта? Дзесяткі яго таварышоў пакінулі край бяспраўя, край зьдзеку і глуму і падаліся ў Амэрыку. Многім нават і не пагражала тое, што яму. Узьненавідзелі царскі глум — і паехалі. А ён-жа — пад пагрозаю пятлі, або лепшае — дзесяцёхгадовай катаргі. Сьвежыя сьляды ад уцёку з вастрогу… Публікацыя ў газэтах… Пяць месяцаў усяго…

І Трахім, і, тым болей, Фэйга, падзялялі думкі Ігнася: адпісывалі лісты і радзілі ад сябе думаць аб Амэрыцы. У гэтых радах Ігнась даставаў апору і апраўданьне. «Еду — што-ж зрабіць», у скутку сваіх частых роздумаў выказваўся ён. І, пэўна, праз сваё мястэчка. Столькі ўсяго прыемнага зьвязана з ім. І месца, і школа, і майстэрня, і людзі — таварышы! Дзесяць-жа гадоў, як умеў, а змагаўся у Пуляўках. Перш пяяў толькі песьні разам са старэйшымі таварышамі, пасьля наведамі прабіраўся ў лясы на патайныя сходкі, далей — запісаўся ў гурток іскраўцаў, а яшчэ далей — стаў сябрам організацыі. У пятым годзе колькі прамоў наказаў сваім мяшчанам і сялянам бліжэйшых вёсак… Усе з ахвотаю слухалі яго, усе лічылі разумным — сваім чалавекам, абстайвалі ня раз перад станавым, калі той прычэпліваўся да яго старых бацькоў…

Што-ж апасьлівага можа стацца, калі консьпірацыя не якраз вытрымаецца? Ну, угледзіць Піліп, угледзіць Тамаш — стояць, скрыюць, замаўчаць… Пэўна, лепей, каб ніхто не заўважыў. Толькі ўсяк трэба думаць, на ўсё разьлічваць.

Ігнась папераджаў намёкамі ў лістох да бацькоў, каб яны маўчалі. Ён намякаў брату Хрызю, каб той ад сябе дапамінаў старым. Гэта мела свае скуткі. Бацькі, старыя Вілы, толькі між сабой дзяліліся радасьцю й думкамі аб Ігнасю. Праўда, рупілася хоць каму сказаць — бо ці-ж утрымаць у