Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/131

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПОМСТА

I

Аб тым, што Ігнась Віла перад пакравамі ўвечар будзе ўдому, ведала ня больш пяцёх чалавек: Алесь Цапа, які пісаў заўсёды лісты да яго ад бацькоў, Трахім Зацірка, сябра Пуляўскай організацыі «Іскра» і Фэйга Шамес з мясцовай філіі Бунда. Хаценьне заехаць дамоў пасьля доўгіх гадоў скрытнага жыцьця — рэч зразумелая. Тут ужо чапляюцца вечна жывыя струны радавой сувязі ў людзкім жыцьці. Тры гады ўпартае зацяжнае працы сярод рабочых і салдат, розныя перасьледаваньні поліцыі — знэрвавалі Ігнася дашчэнту, расстроілі яго здароўе і сілу. А ўперадзе — што ні дзень, — то горш: зусім нядаўна яшчэ, толькі месяцаў чатыры, як вынікла надзея на паўстаныне салдат з прычыны разгону думы, а потым глядзіш, усё замёрла, адышло назад. Урад ачухаўся, сабраўся з сіламі і паступова пачаў уганяць тоўсты клін у пераможаную ім рэволюцыю. Вакол, як патухаючае попелішча, асядае хваля ўздыму: нядаўны пэнт у салдат астыў, рабочыя — без сялян — асталіся адны. Як хмары на сьветлы лазурак сіні — нацягае сеткі ліпкая ад крыві рэакцыя. Інтэлігенцыя, толькі год таму гарэўшая агнём помсты, заціхла, адышла назад… Павеяла сумам. Мястэчка, хоць і прамысловае з трыма сотнямі гарбароў ды з гэткім-жа лікам ткачоў, застаялася, як балота… Чутно і відно, што справа, над якою воскам папаліў сваю энэргію, што гэта справа прыняла іншы зварот. Як быццам-бы выбіла з каляіны, зьбянтэжыла. На душу асеў нейкі цяжар і ўтома.