Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/130

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

мейцаў… Вось ужо больш двух месяцаў… Расказвалі надоечы, што хтосьці яго бачыў пад Калыгамі: біўся побач з чырвонаармейцамі. Адважны, кажа, усіх заахвочвае й толькі. Няведама цяпер, жыве ён, ці не…

— Бачыш ты! — ні то зрадавана, ні то зьдзіўлена праказаў Гарасім Несьцеру.

— А што вы думаеце? Чым гэтак жыць, дык лепей слаўна ўмерці, — сказаў Сымон. — Нам, старым, дзела такоўскае, а вам тое й рабіць, што шукаць лепшага й шчасьліўшага жыцьця. На вашым месцы не сядзеў-бы я спакойна… Хто-ж за вас пастараецца? Шукайце, дабівайцеся самі…

У запечку пачуўся крэкт і стогны хворай.

Гарасім і Несьцер адначасна падняліся з месца і падышлі к мацеры. Юзя разгорнілася й заплакала.

— Го-о-спад мой! Сы-ын-кі-ы вы-і мае-э-э! — пачуўся яе голас.

— Дзе ты, Янка, чаму ня бачыш у гэты момант сваіх сыноў? Плакаў колькі па іх — вось яны… — ціхім стогнам выказала хворая, раздымаючы схудзелыя рукі.

— Нічога, яны знойдуць і бацьку, — з пэўнасьцю праказаў Сымон, гледзячы, як матка цалуецца па чарзе з Несьцерам і Гарасімам. — Яны знойдуць бацьку, знойдуць і лепшае жыцьцё…

— Дарагі-ыя мае дзеткі, як я шчасьліва… Як рада, што хоць перад… сьмерцю ўгледзела вас… Несьцерка мой, Гарасімка… — з перапынкамі, ахопленая глыбокім уміленьнем, казала хворая Тэкля.

Празрыстае сонца ўлівалася сваімі праменьнямі ва ўсе чатыры вакны хаты, змываючы са шкла шыбаў прыгожыя ўзоры марозу.