Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

«І чаго яна грызецца»… падумала Агапа, якой рабілася няўрымна стаяць на адным месцы і слухаць матчыны прычыты. Яны гэтак ужо ўеліся ёй у косьці, так надазолілі! І яна то сударгна ўздрыгвала, садзючыся на лаўку, то нэрвоўна паднімалася. Задумены ды змучаны цяжкімі думкамі яе твар то бляднеў, то чырванеў. Расплакалася.

— Ды будзе вам, маці, расходзіцца: усё роўна ўжо вам мяне ня справіць. Давайце ляпей разыдземся ў ладох, — нерашуча, цярэбячы ў руках кончык хвартуха, праказала Агапа.

На яе твары празіяла ўхмылка.

Маці, ня ждучы гэткіх слоў ад дачкі, ажно затупала па хаце.

— Што-о ты кажаш?! — недаўменна запытала яна Агапу.

— Але, маці, заўтра я парашыла ехаць да Костуся. Няпрыменна. І ня думайце перашкаджаць… Нічога не збаюся. Годзе… Рукі налажу на сябе, калі гвалтам будзеце трымаць.

Гарт і парашымасьць, з якімі Агапа праказала гэтыя словы, да таго, жахнулі Домну, што тая ўся ажно затраслася ад ахапіўшага яе сполаху. Як трымала гаршчок у руках, так і выпусьціла яго на зямлю, праліўшы крупнік. Зьбялеўшая, ні то ад злосьці, ні то ад спуду, яна нямым голасам загаманіла:

— Як? Хто? Што? Агапка, чаму-ж ты так!

У голасе яе чуўся спуг, разгубленасьць, бяспомачнасьць.

— Паеду, паеду! як сабе хочаце… На хронт, далёка. Не магу далей слухаць вашых ушчункаў… грызьні, сварак… Чырвонаю сястрою паеду… буду перавязваць раненых чырвонаармейцаў… Буду сама біцца супроціў паганых шляхтаў ды паноў. З вінтоўкаю, з кулямётам у бойку пайду паміж з Костусем… Памру з ім. Не магу тут болей заставацца: надаела мне ўсё ў вас, і вы, нават вашы рэчы, вашы думкі і жаданьні; усё сяло, паветра, якім сапу я гэта. Скончана!

Домна стаяла, як прыварожаная да месца, і не магла ўтлуміць сабе, што вакол яе чаўпецца. Яна была абурана ў канец нечаканым парашэньнем дачкі. «Адкуль усё гэта ўзялося?» На ўсё яны, бацькі, глядзелі скрозь пальцы, як на