Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сьці з дому? І як пайсьці, каб ніхто ня знаў, ня бачыў, аднэй, цішком?» — гадала яна ў натузе.

— Вечарам! — штосьці падсказала ёй: — Заўтра вечарам. Чаго-ж чакаць далей! Парашыла — дык выпаўняй…

Агапа на момант супакоілася: прайшлася некалькі разоў па хаце, уздоўж і ўпоперак, нават зацягнула напеў аднэй рэволюцыйнай песьні, які збадзёрыў яе, падняў настрой і абудзіў ахвоту, а потым зноў прысела.

Прысела і радым узрокам пачала зьмяраць праз вакно сьцены хатаў, садкі, вуліцу.

Так прайшло з поўгадзіны…

— Ну, ужо ідзе, ужо вяртаецца, ужо пачнецца, — раптам праказала яна самой сабе, нездаволена зарухала і адвярнулася ад вакна з нейкай каразьліваю пасьпехаю. — Спакою няма: толькі ўзьнялося сэрца, як ізноў…

Стук дзьвярэй і ўваход у хату Агапінай мацеры перабілі яе думкі. Агапа змоўкла і адвярнулася ў вакно.

А маці, Домна, высокая, гадоў пад сорак, кабета, поўная і стройная, з гладкім тварам, пераступіла парог, акінула хату сур’ёзным узрокам і, прыкмеціўшы дачку ў вакне, спынілася.

— Ты ўжо даўно дома? — чэрства запытала яна.

Агапа не адказала.

— Ты чуеш, ці не? — гульчэй вымавіла Домна.

— Ня вельмі, — неахвотна адказала Агапа, міжволена ўздрыгнуўшы.

— А бацька не прыяжджаў? — запытала маці.

— Не, — скрозь зубы праказала Агапа.

— Нябось, ты ўсё дзьмешся… Не дастае чагосьці табе ў нас, крыўдзяць бедную… Не даюць волі дурнотаў чыніць… Мала сораму яшчэ прынясла бацьком, ды сплётак парадзіла сваймі дзеямі, дык яшчэ болей хочацца надазаліць… Няхай, вось, паказваюць пальцамі на цябе: «Твая дочка ўліпла ў басяка, запісалася ў бальшавікі»… Ад кожнага чуеш, кожны ўпікае… Эх, і пасьпела-ж пераняць ліха ведае што… Што-й будзе з тваіх вытвараў… дачка!..