Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/126

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

у сабе боль няпэўнасьці, калі яшчэ хвіля, яшчэ момант, і яны ўсё пачуюць ад жывых сьведак. Вось-жа, як рукой падаць, і дом. Старыя, а дзе й новыя хаткі родных Верацён, закінутых у лагчыну вялікай Беларусі, пастарому стаялі на сваіх мясцох. Летам яны абрасталі дзірваном, з кожным годам гусьцеючы, і садамі ўнізу, а мохам на стрэхах, цяпер-жа былі акрыты сьнежным прасьцірадлам…


IX

Яшчэ была раніца. Грэбені ўвабралі дваццаць вярстоў блізка што за тры гадзіны. Але Верацёны ўжо жылі поўным жыцьцём. З комінаў хат нёсься празрысты сівы дымок; у гумнах чуўся стукат цапоў, скрыпелі вочапы калодзезяў, рыпалі вароты ў дварох і дзьверы ў хатах. Праўда, звычайнасьць вобразу нарушылі пажарышчы з левага краю, акурат у тым месцы, дзе стаяла калісь і хата Грэбеняў. Кожнаму, хто падыходзіў к Верацёнам, выразна кідаліся ў вочы голыя печы з пахіленымі комінамі, чорныя абсмаленыя шулы і раскіданыя па зямлі абгарэлыя галавешкі.

Гарасім і Несьцер спыніліся сваімі поглядамі на пажарышчах, і відаць было па кожнаму з іх, што сэрцы іхнія балюча забіліся: ногі затрасьліся і ўсьцішылі хаду. Ніводзін з іх ня мог выказаць і слова, ажно пакуль не ўвайшлі ў самую вёску.

Параўняўшыся з крайняю хатаю, іх стрэў сам дзядуля Сук, стоячы ў дварэ ля вешніц, нібы чакаючы іх.

— Го-о-о! Гарасімка, Несьцерка! — завёў ён: — Адкуль-жа вы, небажаткі, зьявіліся, ды ўдваіх разам?

Дзядуля падбег к Грэбеням і па чарзе пацалаваўся з імі. Сукі заўсёды жылі з Грэбенямі ў ласцы і памяркоўна. Лічачыся далёкімі сваякамі, яны даражылі гэтым сваяцтвам і ставілі яго ў прыклад другім. Вайна, немцы, а потым палякі, якія прынесьлі столькі бяды краю і іх родным Верацёнам, шмат гастрэй датыркалі Сукоў яшчэ й таму, што забралі з дому Грэбеняў, ад старых бацькоў і дзяцей, двух мужчын. Доў-