Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/127

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гія гады няведаньня аб іх, і ў асобку аб Несьцеру, трывожыла разам з старымі Грэбенямі і сям’ю Сукоў. Шчасьлівыя тым, што іх сям’я блізка-што ўся складалася з дзяўчат і з гэтае прычыны незачэплена была вайною, Сукі вялікую ўвагу аддавалі Грэбеням. Часта хадзілі яны к старым, суцяшалі іх, памагалі, чым маглі. Вось ня дзіва, што стары Сымон так радасна спаткаў Гарасіма і Несьцера. Абрадаваліся гэтаму й абодва Грэбені. Спыніўшыся з дзядулем Сукам, яны на момант забылі пра сваіх, пачуўшы прывітальную гутарку і зьвязаныя з ёю роспыты аб тым і аб другім. А пакуль кончылася гэта цэрэмонія, да іх зьбеглася яшчэ колькі мужчын, жанок і дзяцей. Кожны прывітваў Грэбеняў, але ніхто не казаў ім аб іх дамашніх справах.

— Пойдзем у хату, дзеткі, — пазваў іх стары Сымон.

Гарасім і Несьцер пайшлі за ім, а ўсе іншыя пачалі расходзіцца па хатах.

— Вось што, небажаткі, — сказаў Сымон, ідучы ў хату: — невясёлыя весткі вас стрэцілі дома.

— Што-о-о? — у вадзін голас трывожна запыталі Несьцер і Гарасім.

— Захадзеце ў хату, там скажу аба ўсім.

Грэбені раптам пасумнелі і прыгатаваліся к горшаму. Гарасім мала нэрваваўся і выглядаў спакайней, Несьцер-жа вельмі блізка прыняў вестку Сука да сэрца і ажно зьмяніўся ў твары.

Тымчасам яны ўвайшлі ў хату.

Хата была прасторная, але траха не палавіна яе была застаўлена цэбрамі, бочкамі, карытамі і рознымі гаршкамі ды чыгунамі.

На стале ляжала некалькі баханоў хлеба.

Гарасім і Несьцер прыселі на лаве і пачалі азіраць хату. Кінуўшы вачамі ў запек, яны адначасна ўгледзілі на палку ляжаўшую матку і раптам схамянуліся.

— М-м-а… — хацелі пазваць Грэбені, але Сымон іх перабіў.