Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/125

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ведаеш, браце, я неяк супакоіўся: як будзе, так хай будзе. Вось ідзі і толькі, — адказаў Гарасім.

— А я страшэнна непакоюся.

— Дарэмна, Несьцер. Калі што сталася — дых мне болей і дастанецца, бо ў мяне жонка і дзеці ў дадатак бацькоў.

Несьцер нічога не адпавёў.

Яны вышлі з лесу. Ранешні туман намнога парадзеў. Сіняе, пацягнутае бялесым палотнішчам неба было заліта праменьнем халоднага, нізка-сядзячага сонца. Нібы ад таго, што яму было разгарненьне асьвятляць зямлю, Грэбені пачулі большую цеплату. Зьмененае гэтым пачуцьцё яшчэ болей прымала новыя ўплывы, калі іх вачом ухмыльнулася белая цэркаўка, што стройна стаяла на ўзгорку, за якім ляжалі Верацёны. Грэбені мімавольна ўскорылі хаду, ня спускаючы вочы з царквы. Роўная лажбіна наабапал гасьцінцу, пачынаючы ад граніцы Кісьляцкага лесу, пекная сваёю зеляністаю коўдраю ўлетку, цяпер ня цікавіла нічыйго вока. Укрытая сьнегам, запярэшчаная рэдкімі кусьцікамі, яна засмучвала сваёю аднакасьцю і мярцьвечынай.

— А цэркаў, бачыш, Гарасім, стаіць, як вартаўнік, нязьменна, так, нібы яе ўчора паставілі, — сказаў Несьцер.

— Калі ўсё ў такім становішчы, тады й добра, — адказаў Гарасім.

Але, падыходзячы к грудку, на якім стаяла цэрква, яны не маглі ня прымеціць, як гэты грудок навокал быў акопаны ровам і агароджаны рэдкімі каламі, пераплеценымі калючым дротам. Загарадзь-жа вакол цэрквы была зламана, і ў самай цэркве кінуліся ім у вочы пабітыя і застаўленыя дошчачкамі вокны. На бярозках і лазінках вісеў дрот тэлефону, у некаторых мясцох перарэзаны.

— Відаць сьляды завірухі, — сказаў Гарасім.

— І яшчэ якой! — падмацаваў Несьцер.

Далей гутарыць яны не маглі. Выглянуўшыя Верацёны аднялі ў іх гэту мажлівасьць. Ды й сапраўды, навошта ім было дагадвацца, перадсказваць і гэтым толькі раздражняць