Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/124

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

добра даліся ім у знакі. Далей, яшчэ помніць і Несьцер, памешчык Кісьлячы памёр, лес яго застаўся ў спадчыну далёкім родзічам, якія хутка прыняліся яго распрадаваць. Надышоўшая вайна перашкодзіла ўканец спляжыць Кісьляцкі лес, але нямецкая окупацыя, а потым польская — многа выцерабіла гэтага багацтва: і цяпер прадаўжалі работу палякоў зноў тыя-ж сяляне ваколічных вёсак. Аднак, ня гледзячы на ўсе гэтыя стараньні, лесу яшчэ было досыць. Паабапал гасьцінцу, хоць і рэдка, але многа яшчэ паднімалася ўгору тоўстых, многавечных хвояў і елак. Між іх, пасяброўску, блізка і наводдаль стаялі тоўстыя разьвіслыя дубы, ясені, высокія, стройныя, белыя бярозы і шэрыя алешыны. Іх кароны, сплятаючыся ўверсе чуць не пад самым небам, рабілі густую сетку, хаваючы неба і сонца… Ніжэй, між рэдкіх устояў старога лесу, гушчэў маладняк. Падгалістыя, роўныя елкі, галіністыя дубцы арэшніку і альшаньніку толькі й пачулі сабе разгарненьне, калі людзі пастараліся над высечкаю старога лесу. Затое дасталося маладняку: падаючыя-ж дрэвы няшчадна яго ламалі і ўсьцілалі ім свае магілы; секлі яго таксама й сяляне — на калы, а то й так, каб пралажыць дарожкі.

Грэбені нейкі час моўчкі йшлі лесам, пазіраючы абапал дарогі. Урачыстая ціша, зрэдку зварушваная стукам дзятлаў у дуплістыя дубы й патрэсківаньнем ад марозу сучкоў і галінак, наводзіла іх на спакойны раздум і ўспаміны. Зрэдку ўставалі зусім чужыя перажыванаму пачуцьцю думкі і згладжвалі гострасьць бягучага перажытку. Ішлося дарогаю міжвольна, бязмэтна…

Але гэткі настрой нядоўга ўладаў братамі. Выходзячы з лесу, яны ўбачылі поле і гал. Зусім ужо блізка ад іх заставаліся Верацёны. Мэта іх дарогі з рэзкай выяўнасьцю адбілася ў думках, а далей захапіла сабою і пачуцьцё, расплыўшыся па ўсёй ітоце. Нейкая дрыготка нецярплівасьці падганяла Грэбеняў, каб яны пасьпяшней ішлі.

— Ну, як ты адчуваеш, Гарасім, добра будзе, ці не? — першы зварушыў маўклівасьць Несьцер.