Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/123

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Кінь думаць дрэнна, — суцяшаў Гарасім, — чаму ты думаеш, што нядобрае трапіла к нашым?

— Ой, дзіўны ты, а хто разьбіраўся? Прыяцеляў такіх досыць маецца, якія ахвотна-б падказалі, нацкавалі ці палякоў, ці балахоўцаў. Стараста Ёрш, сальнік Сёмка, ці яшчэ які гад — ад іх доўга не чакаць. «Іх два сына бальшавікі, распраўцеся з імі першымі». Напэўна, брат, там магло стацца штосьці ліхое, — неяк занадта ўжо трывожыцца маё сэрца.

Несьцер кідаў смутны пагляд на твар брата і нібы перадаваў таму мукі сумленьня й трывогі.

— Магло стацца, гэткія ўжо часы, — з няпэўнасьцю загаварыў Гарасім. — А сталася — што зробіш, не паправіш. Тады аб іншым прыдзецца думаць: кідай усё і ўсіх — і на памшчэньне.

— Толькі так. Усё жыцьцё пасьвяціць непазбыўнаму змаганьню за свабоду і бязьмернай помсьце за зьдзекі і глум над краем і людзьмі.

— Так-то яно, мо’ й так. Толькі ўсё роўна, браце, ня вернеш таго, што табе дарога і што цягне цябе за тысячы вярстоў, бы магнэсам… Вось у чым хаваецца сэнс, — разважаў Несьцер.

Тымчасам яны ўвайшлі ў лес. Гэта пачынаўся ў сямі вярстох ад Верацён вядомы ў тых мясцох лес, быўшы Кісьлячага, вялікага багацея і маёнтніка. Калісь, помняць абодва Грэбені, у Кісьлячынскім лесе вадзіліся мядзьведзі, ласі і гібель ваўкоў. Ня раз на ваўкоў рабіліся аблавы, і тады зганяліся на іх сяляне ўсіх ваколічных вёсак. Верацёнаўцы хадзілі разам з іншымі. Даводзілася некалькі разоў прымаць удзел у аблавах Несьцеру і Гарасіму. Пасьля, у 1905 годзе верацёнаўцы разам з іншымі езьдзілі самачынна ў Кісьлячынскі лес сячы дровы. Многа ў тыя часы высеклі сяляне памешчыцкага лесу. Затое многа й караў прышлося панесьці. Каля дзесяці чалавек адсядзелі па два гады ў вастрозе, а траха ня ўсе разам з сялянамі суседніх вёсак мусілі плаціць пану Кісьлячаму стратныя. Казакі й жандары часта наведвалі Верацёны і