Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/122

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Палёгшы, яны папрабавалі яшчэ аб сім аб тым перагутарыць, але з таго нічога ня выйшла: словы ў горле гразьлі. І яны, сьціхшы, хутка паснулі.


VIII

Назаўтра, чуць сьвет, Гарасім прачнуўся і пабудзіў брата. Шмуйла ўжо таксама ня спаў: ён чагосьці клапатліва хадзіў па каморцы і мармытаў сабе пад нос.

— Будзем зьбірацца ў дарогу, — сказаў Несьцер.

— Гарбаты пап’еце, — параіў Шмуйла.

— Куды ўжо там: няхай дома, — адказаў Гарасім.

Яны хутка ўсталі, адзеліся, памыліся і сталі зьбірацца.

— Дваццаць вярстоў лёгка ўбяром, — пахваліўся Несьцер.

— Так, адпачылі крыху, — згадзіўся Гарасім, — гадзін з восем паспалі.

— Толькі перакусіць ня шкодзіла-б, — раіў Шмуйла.

Аднак Грэбені гэтага ня думалі: ім рымсьціла як найхутчэй пасьпець дадому і праведаць аб дамашніх. Сабраўшыся акуратна, надзеўшы клункі і падперазаўшыся, яны падзякавалі Шмуйле за начлег, расплаціліся і выйшлі з карчмы.

На вуліцы было ціха. Браў добры мароз, і за ноч выпала багата шэраню. Кусьцікі лазьняку і ядлоўцу, аскабалачкі, кускі дроту і рэдкія платы былі пекна ўбраны белымі, пухкімі анталяжамі. Чыстае паветра сьвяжыла й бадзёрыла. Лёгкі туман, заўсёды справодзячы шэрань, гусьціўся па бакох, робячы навакол Грэбеняў неразрыўнае кольца. Уверсе, якраз над іх галавамі, віднелася прагаліна сіняга неба з рэдкім налётам туману, а на ўсходзе ад праменьняў узыходзячага сонца туман быў чырвоным. Убітая дарога аблягчала пуціну, і Грэбені лёгка, з новымі сіламі, маршыравалі па ёй.

— Хаця-бы сапраўды чаго кепскага там ня сталася, — сумняваўся Несьцер. — Усе мукі чаканьняў і хаценьняў — разьляцяцца дымам…