Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/120

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

VII

Несьцер пільна выслухаў Шмуйлу, крыху памаўчаў, а потым зьвярнуўся к брату з гэткімі словамі:

— Вось чуеш, Гарасім, як людзі кажуць. Што-ж за наўда, калі я праз увесь час так моцна смуткаваў па бацькаўшчыне. Так, браце, смуткаваў і жалеў, што й выказаць нельга. Ні грукат гармат, ні жар змаганьня, ні страх перад сьмерцю не маглі заглушыць ва мне гэтага болю. Ідзеш у наступ, вакол сыплюцца кулі, разрываюцца снарады, сьмерць глядзіць у вочы, а сэрца так і ные, так і ные — дадому ймкнецца: хоць-бы паглядзець на сваіх людзей, пагутарыць на сваёй мове, пабываць у лясох, на палёх… Хоць бы сабе й сьмерць — але пасьля пабыўкі дома… І гэтак праз увесь час, праз цэлых чатыры-пяць гадоў. Ссох, сьпятрэў у журбе па дому…

У гэты час дзяўчына прынясла самавар.

— Прачакаліся, мужчыны, — сказала яна, ставячы яго на стол.

— Нічога, нічога, — адказаў далікатна Несьцер, якому сапраўды дакучыла чакаць.

Абодва Грэбені пасьпешна распрануліся, дасталі з клункаў яду, вылажылі яе на стол. Потым уселіся за вячэру.

Шмуйла вылез з-за стала й пачаў маліцца.

На нейкі час у хаце стала ціха. Толькі крэкт бабулі ў запечку казаў, што ў карчме ёсьць жывыя людзі. За вакном сьвістаў вецер. Зачыненыя вакяніцы хавалі панадворак… Аднак Шмуйла пачасту ўзіраўся ў вулічнае вакно, выбіраючы шчылінку. Нагнецца, прыгледзіцца, потым зноў адыдзе.

— Цямноцьце на дварэ, — праказаў пад канец Шмуйла.

— Мы думаем начаваць у вас, — сказаў Гарасім.

— Чаму не, зрабеце ласку, месца хопіць, — адказаў Шмуйла. — Куды-ж ісьці гэтай цемрай? Ды, нябось, здарожыліся?